Гадоў пяць таму гаспадару дому, пабудаванага на гэтым участку, паведамілі, што ёсьць рашэньне мясцовых уладаў пра знос ягонага жытла. Уладальніку дому, Пятру Берлінаву, паабяцалі, што кампэнсуюць ягоныя страты – пабудуюць яму аналягічнае жытло ў выбраным ім месцы. Але абяцанкі засталіся толькі на паперы…
Неўзабаве спадар Берлінаў даведаўся, што было прынятае рашэньне прыпыніць любое будаўніцтва на новым участку і прыпыніць выраб праектна-каштарыснай дакумэнтацыі…
Зрэшты, Пётар Берлінаў пэўную «кампэнсацыю» ўсё-такі атрымаў – кватэру на ўскрайку гораду, у Білева, – плошчаю 70 квадратных мэтраў. Але ён лічыць, што яго ашукалі. І ўсяляцца ў новую кватэру не зьбіраецца, каб не падтрымліваць беззаконьне. Паводле словаў Берлінава, згодна з рашэньнем суду ў яго мусілі забраць толькі 67 квадратных мэтраў жытла, а астатняе ня мелі права бурыць, – а забралі ўсё: плошча дому складала 131 квадратны мэтар – і гэта не ўключаючы мансарду, – а былі ж яшчэ гараж, лазьня, цагляная майстэрня.
«Мне гэта складана зразумець, бо начальнік упраўленьня прымусовага выкананьня Лысёнак сказаў: судом вырашана забраць у мяне 67 квадратных мэтраў. На якой падставе сталі нішчыць іншыя пабудовы і сталі маёмасць забіраць?» – абураецца Пётар Берлінаў.
«Вывезьлі ў невядомым накірунку», – фраза, якую пастаянна ўжывае спадар Берлінаў, распавядаючы пра сваю страчаную маёмасьць. Ён ня раз спрабаваў забраць свае рэчы, якія заставаліся ў доме і на ўчастку. Але яму не даваў тое зрабіць стораж, кажучы: маўляў, ня маю права нікога пускаць – тэлефануйце начальству. Калі ж ён спрабаваў вырашыць пытаньне праз тэлефон, «начальства» папросту не адбірала слухаўку.
Паводле Пятра Берлінава, у яго на ўчастку захоўвалася будаўнічых матэрыялаў, дастатковых для пабудовы яшчэ адной хаты. І ўсё вывезьлі. Ды ня толькі тое. Ялінкі і ядлоўцы – і іх выкапалі. І вывезьлі. Нават ягонага сабаку вывезьлі – таксама «ў невядомым накірунку».
Сёньня участак, на якім стаяў дом Пятра Берлінава, нагадвае раскіданае гняздо. Але ён кажа, што здавацца не зьбіраецца.