Спадарыня Тацьцяна, раскажыце, калі ласка, перадгісторыю ўзьнікненьня вашай сёньняшняй кампаніі «За якасную мэдыцыну ў Віцебску».
Першапачаткова гэта была акцыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў межах кампаніі «Народны кантроль», якая ідзе па ўсёй Беларусі. Яна пачалася якраз падчас выбараў у мясцовыя саветы. Зазвычай на стадыі збору подпісаў выяўляецца безьліч праблемаў, што турбуюць грамадзкасьць. А паколькі мая акруга была ў раёне камбінату «Віцьба», я наўпрост сутыкнулася з праблемамі жыхароў мікрараёну Білева. Як высьветлілася, праблемаў там нямала: бракуе школаў, дзіцячых садкоў, а галоўнае – няма паліклінікі. У сеціве адшукала інфармацыю: улады абяцалі пачаць будаўніцтва нават не паліклінікі, а цэлага паліклінічнага комплексу яшчэ ў 2010 годзе.
І гэтае пытаньне на сёньняшні дзень, як я разумею, зьяўляецца ці ня самым актуальным для жыхароў мікрараёну?
Так. У першую чаргу па інфармацыю я зьвярнулася ў аддзел архітэктуры гарвыканкаму, дзе мне адказалі, што агучаная гарадзкімі ўладамі абяцанка спынілася на стадыі праекту, бо скончылася фінансаваньне. Абяцанкі, аднак, ня скончыліся. Якраз перад Новым годам Аляксандар Косінец і Віктар Нікалайкін паабяцалі, нібыта ў гэтым годзе будзе пабудаваная першая чарга паліклінікі. Я зноў наведала гарвыканкам. Кажуць: «І гаварыў і абяцаў, а грошы даць забыў».
Якімі ж сіламі і сродкамі вы вырашылі дабівацца пастаўленай мэты?
Мы склалі адмысловы зварот і з траўня распачалі збор подпісаў за будаўніцтва паліклінічнага комплексу. За гэты час мы сабралі 4756 подпісаў, набылі каля тысячы прыхільнікаў, валянтэраў і каля 25 актывістаў. У нас была арганізаваная гарачая лінія, грамадзкая прыёмная. Мы працавалі ўсё лета, а ў верасьні падумалі пра тое, каб пашырыць кола гэтай кампаніі і паглядзець на ўвесь Віцебск, аб’яднаўшыся зь іншымі партыйнымі і грамадзкімі структурамі. 23 верасьня адбылася сустрэча, на якой было падпісанае пагадненьне пра стварэньне грамадзкага форуму. Пагадненьне падпісалі партыя «Справядлівы сьвет», аргкамітэт па стварэньні «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», НГА «Перакрыжаваньне», НГА «Вольны шлях», моладзевая суполка «Гавары праўду». Асноўным накірункам дзейнасьці была выбраная тэма мэдычнага абслугоўваньня. Акрамя таго, мы правялі паседжаньне экспэртаў, а пасьля адмысловае анкетаваньне (200 анкет), каб высьветліць, што канкрэтна хвалюе людзей. Як аказалася, пра бальшыню ўзьнятых праблемаў мы ўжо ведаем.
Мяркую, што гэтымі захадамі ваша дзейнасьць не абмежавалася?
Да праблемы мэдычнага абслугоўваньня мы падышлі комплексна – схадзілі ў паліклініку, паназіралі за чэргамі, схадзілі ў дзіцячую паліклініку, вывучылі стандарты па мэдычным абслугоўваньні – і зразумелі, што тую колькасьць хворых, якую павінен прыняць доктар пры норме ў 4,5 хвіліны на чалавека, якасна абслужыць немагчыма. Так, хірург з паліклінікі №3 прыняў за зьмену больш за 100 чалавек. Якая можа быць якасьць?
Дактарам некалі займацца пацыентамі, яны толькі што й пасьпяваюць запісаць сымптомы ў мэдычную картку. Акрамя таго, каб выжыць, лекар вымушаны працаваць на паўтары-дзьве стаўкі.
Велічэзныя чэргі, кадравы голад, недахоп вузкіх спэцыялістаў, нават да акуліста ў нашай паліклініцы трэба запісвацца на прыём ледзьве не за два месяцы, я ўжо не кажу пра нэўроляга, эндакрыноляга, ці там яшчэ якога вузкага спэцыяліста. Памерці можна, пакуль на прыём патрапіш.
А якія шляхі ў паляпшэньні якасьці мэдычнага абслугоўваньня бачаць самі лекары?
Мы размаўлялі з дактарамі. Яны бачаць выйсьце ў страхавой мэдыцыне. Кажуць, калі б была ў нас страхавая мэдыцына кшталту Летувы ці Польшчы, дзе ўлічваецца сацыяльны статус чалавека, калі ты, напрыклад, беспрацоўны, пэнсіянэр, альбо ў цябе шматдзетная сям’я, тады было б менш напружанасьці. Нават у Злучаных Штатах гэтыя чыньнікі бяруцца пад увагу, магу засьведчыць дакладна са свайго досьведу. Цэлы месяц праходзіла стажыроўку ў жаночым шпіталі, які прымае бясплатна і тых грамадзян, што ня маюць мэдычнай страхоўкі. Там табе і догляд, і выношваньне, і роды…
Дык вось, калі б была страхавая мэдыцына, тады ты не хваляваўся б за тое, дзе ўзяць грошы на лекаваньне, на апэрацыю нават. Няхай бы яна была страхавой. Карацей кажучы, працы непачаты край.
Вы яшчэ вывучалі мэдычнае абслугоўваньне ў Швэцыі. Паводле вашых уласных назіраньняў, на якім узроўні знаходзіцца нашае мэдычнае абслугоўваньне?
На дрэнным. Ведаеце, у нас добрыя дактары, гэта адзначалі і людзі падчас апытаньня. Яны ў асноўнай сваёй масе да сваіх пацыентаў ставяцца са спачуваньнем. Ёсьць, вядома, выключэньні, але іх меншасьць. Ёсьць нават і ў дзіцячых паліклініках нэгатыўнае стаўленьне да хворых. Людзі распавядаюць, якую яны атрымоўваюць дапамогу. І як іх часам проста вышпурваюць – і такія выпадкі ёсьць.
Раскажыце пра тое, як складваюцца вашы стасункі наконт узьнятай праблемы з гарадзкімі ўладамі.
Мы падалі заяўкі на пікет для збору подпісаў «за якаснае мэдычнае абслугоўваньне». Потым схадзілі ў гарвыканкам, хацелі запісацца на прыём да Віктара Нікалайкіна. Але нас да «цела» не дапусьцілі, параілі зьвярнуцца праз электронны зварот. Правіла такое: спачатку зварот, і толькі потым запіс на прыём. Цэлы месяц – ад звароту да прыёму.
Мы запісаліся на прыём да старшыні гарадзкога Савету дэпутатаў Міхаіла Партнога. Даслалі запыт да нашага дэпутата Генадзя Грыцкевіча, каб даведацца, ці ўключаная ў бюджэт на наступны год пабудова паліклінічнага комплексу.
Праз улёткі даводзім людзям актуальную інфармацыю пра набалелыя пытаньні і пра нашу дзейнасьць таксама.
Пакуль у асноўным ідзе арганізацыйная дзейнасьць, усталяваньне кантактаў з уладамі, збор подпісаў за будаўніцтва паліклінікі.
З усіх гэтых паходаў, кантактаваньня з уладамі розных узроўняў, якія б вы высновы маглі зрабіць?
Марудзіцца будаўніцтва паліклінікі ў Білева, паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7, якую павінны былі здаць яшчэ ў 2012 годзе. Там ужо і плот паваліўся, і кран іржавы стаіць, калышацца пад ветрам. Цяпер назіраецца нейкае варушэньне, але працы там, як той казаў, конь не валяўся. Назіраем за рамонтам інфэкцыйнага шпіталя, шпіталя №2, дзе так і не пабудаваны абяцаны пераход з корпусу ў корпус.
Нам дагэтуль так і не адказалі, калі распачнецца будаўніцтва паліклінікі ў Білева. Наконт гэтага мы дасылалі некалькі лістоў гарадзкім уладам і атрымалі фармальны адказ толькі з шостай спробы.
Як доўга будзе працягвацца акцыя?
Мы заплянавалі сабраць каля пяці тысячаў подпісаў за два з паловай – тры месяцы. Ужо падалі заяўкі на пікеты. Нам, вядома, не дазволяць. Але, што рабіць? Будзем грукацца…
Крыніца: Дыялёг Online газэта