У пераліку “асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, з’явіліся звесткі пра Вольгу Курылёнак, Валянціну і Ўладзіслава Кавалеўскіх, Вольгу і Ўладзіслава Дранёвых, Кацярыну і Іллю Марціновічаў ( гэтая сямейная пара - з Мінску). Усе яны абвінавачаны паводле ч.1 арт. 342 КК РБ. І ўсе,, падобна, асуджаны да “хатняй хіміі”. Справы зняволеных разбіраў суд Глыбоцкага раёна.
Такія самыя прысуды раней атрымалі жыхары Глыбокага, якія трапілі пад міліцэйскі "хапун" увосень мінулага году. Тады сілавікі затрымалі не менш як 20 чалавек, частку з іх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, супраць іншых распачалі крымінальныя справы за "арганізацыі і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх". Пасля "хапуна" на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 4 відэаролікі з пакаяльнымі відэа глыбачан, якія прызнаваліся, што бралі ўдзел у пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Суды па крымінальных справах за ўдзел у пратэстах распачаліся ў пачатку гэтага года. 28 студзеня 2025 года паводле ч.1 арт. 342 ён асудзіў Івана і Дзмітрыя Піскуновічаў, 4 лютага разбіраў справу Рамана Васілевіча, 7 лютага была разгледжана справа Ігара Шкетава, 25 лютага судзілі Сяргея Міхалевіча, 10 сакавіка разглядалі справу Аляксандра Шэлепня,12 сакавіка - справу Людмілы Пацэвіч.
У першых ліках сакавіка на сайце Вярхоўнага суда перасталі размяшчаць расклады судовых пасяджэнняў. Таму пра вынікі прысудаў цяпер можна даведацца толькі са спісаў “экстрэмістаў” на сайце МУС. 18 красавіка ў гэты пералік дадалі яшчэ чацвярых глыбачан - гэта Сяргей Жук, Юрый Дзярук, Ілля Кірцянаў і Андрэй Хрол. У абноўлены 8 мая пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці,трапілі яшчэ чацвера глыбачан - эта Алена Шарабайка, Таццяна Арэхва, Сяргей Барашкаў і Яўген Барашкаў (сын Сяргея Барашкава).
Такім чынам, вядома пра пакаранні, вынесеныя 22-м чалавекам. З іх 21 - на “хатняй хіміі”, Аляксандра Шэлепня асудзілі да рэальнага тэрміну ў калоніі (падчас агітацыйнай кампаніі ў 2020 годзе яго каралі па за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).
Максім Лагойскі
Пятніца, 30 Май 2025
Яшчэ пяцёра жыхароў Глыбоччыны - у “экстрэмісцкім спісе” МУС. Яшчэ двое -жыхары Мінска
Міністэрства ўнутраных спраў абнародавала імёны і прозвішчы яшчэ пяці жыхароў Глыбоччыны, асуджаных за пратэсты 2020 года. Звяртае на сябе ўвагу ўзрост асуджаных: самаму старэйшаму - 32 гады, наймаладзейшай - 24.
Апублікавана ў
Рознае