Помнік Уладзіміру Караткевічу ў аршанскім парку на беразе Дняпра быў усталяваны ў 1992 годзе. Яго аўтарам стаў вядомы скульптар Ігар Голубеў. Паводле творчай задумы, помнік быў пастаўлены на тым месцы, дзе да вайны знаходзілася хата сям’і Караткевічаў. Але перад “Дажынкамі” мастацкую канцэпцыю вырашылі лічыць неістотнай, і помнік проста перасунулі туды, дзе знайшлося месца.
У самім парку, які атрымаў назву “Сказочная страна”, з’явіліся дзіцячыя атракцыёны і яшчэ некалькі скульптур - Гулівера з ліліпутам, Чыгуначніка, а таксама мноства расфарбаваных бетонных Чабурашак, Нязнаек, Трох Парсючкоў у гэтак далей...
Паводле газеты “Витебские вести”, пасля закрыцця летняга сезону ў парку пачнецца глабальная рэканструкцыя: па-новаму будуць пракладзеныя забрукаваныя сцяжынкі, зменяцца ландшафтны дызайн і малыя архітэктурныя формы, з’явяцца тэматычныя пляцоўкі МНС і ДАІ, для вывучэння правілаў ПДД у парку хочуць нанесці адмысловую разметку, згодна з якой будзе курсіраваць адмысловы дзіцячы цягнічок.
Зараз помнік Уладзіміру Караткевічу стаіць недалёка ад цэнтральнай алеі, але не вядома, ці застанецца ён там пасля глабальных пераўтварэнняў. Якім чынам будзе выглядаць дзіцячы парк пасля рэканструкцыі, аршанцам не кажуць. На сайце райвыканкама няма нават інфармацыі пра рэканструкцыю, не тое каб канкрэтнага праекта, не кажучы ўжо пра грамадскае абмеркаванне.
Абласная газета паведамляе, што парк будзе зачынены на рэкаснтрукцыю ў верасні. А ў лістападзе ва Ўладзіміра Караткевіча - 95-гадовы юбілей. У дзень народзінаў славутага земляка каля помніка звычайна праходзяць літаратурныя чытанні, гараджане ўскладаюць кветкі. Ці будзе сёлета такая магчымасць - таксама не ясна.
Віктар Пятроўскі