Пятніца, 21 Сакавік 2025

Сталі вядомыя планы пра экстрэнна зачыненую гімназію №1

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У адкрытую віцеблянам пра перспектывы адной з найстарэйшых устаноў горада нічога не паведамілі. Толькі на сайце гарвыканкама з’явілася абвестка, што рыхтуецца грамадскае абмеркаванне планаў рэканструкцыі будынка, у якім летась з’явілася шчыліна ў сцяне. Вучняў тады экстранна “рассартавалі” па іншых школах, з невядомымі перспектывамі.  Нічога пра іх будучыню не вядома і цяпер.

Цяпер адмыслоўцы рыхтуюць справаздачу аб уздзеянне аб’екта на навакольнае асяроддзе. Яе будуць абмяркоўваць з 5 траўня па 6 чэрвеня гэтага года. Канчатковае рашэнне на гэты конт будзе прынята толькі ў перыяд з 16 ліпеня па 5 жніўня. Колькі часу адводзіцца на непасрэдна будаўнічыя працы, гарадскія ўлады не гавораць.

Пра лёс гімназіі, якая здаўна славілася ў Віцебску грунтонай падрыхтоўкай сваіх выпускнікоў, нічога не сказаў у сваім вялікім інтэрв’ю пра перспектывы развіцця гораду і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Вельмі падобна, што старшакласнікі, якія “выпускаюцца” ў бліжэйшыя гады, ужо не вярнуцца ў сваю гімназію. Перад імі стаіць нялёгкая задача - атрымаць сярэднюю адукацыю пад чужым дахам і з нязручна ўладкаванымі вучэбнымі зменамі.

Пра тое, што на сцяне аднаго з гімназічных будынкаў утварыліся расколіны, стала вядома 4 кастрычніка 2024 года. Замест адзначэння Дня настаўніка педагогам давялося спешна мяняць працоўныя планы. Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, расколіны ў сцяне аднаго з карпусоў магла ўтварыцца праз «рух грунтовых пародаў».

 Будынак, пра які вядзецца гаворка, быў узведзены ў 1937 годзе. Гэта адна з так званых «сталінскіх школ», якія ў 1936-37 гадах будаваліся масава.  Дагэтуль віцяблянам не патлумачылі, чаму ў кастрычніку здарыўся такі форс-мажор, хаця перад пачаткам навучальнага года “гатоўнасць” прыняць дзяцей даследуецца адмысловымі камісіямі. І чаму старыя віцебскія школы на стаяць на асобым кантролі ў плане бяспекі.

Андрэй Пірагоў