19 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёну быў анансаваны разбор справы, распачатай супраць Арцёма Янкіна, справу якога празначылі разбіраць суддзю Святлану Кузмічонак. На той момант сутнасць справы не была вядомая. Як і вынік разбору апеляцыйнай скаргі, які адбыўся 15 лістапада.
Згодна з паведамленнем пракуратуры, «грамадзянін О.» сёлета ў чэрвені вырашыў пакласці грошы праз інфакіёск, але ў яго не атрымалася ажыццявіць запланаваную аперацыю. Таму ён, вярнуўшыся дадому, «патэлефанаваў супрацоўніку кантакт-цэнтра ААТ «ААБ Беларусбанк» і падчас гутаркі негатыўна выказаўся ў адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Органы следства і пракуратуры кваліфікавалі гэта як «публічную абразу», бо «былі нанесены ў прысутнасці старонняй асобы - супрацоўніка кантакт-цэнтра ААТ "ААБ Беларусбанк", якая ў далейшым давяла дадзеную інфармацыю да іншых асоб (кіраўніцтва)». Па сутнасці, супрацоўніца банка сама і «апублічыла» змест прыватнай гутаркі.
Таксама следства вырашыла, што выказванні «грамадзяніна О.» з'яўляюцца «зневажальнымі, падрываюць аўтарытэт Кіраўніка дзяржавы, яго асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт дзяржаўнай улады ў цэлым».
Падсудны быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і яму на падставе ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 3 месяцы з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама на падставе ч.1 арт.46-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прыменена спецыяльная канфіскацыя ў даход дзяржавы мабільнага тэлефона «грамадзяніна О» -- ён быў прызнаны «сродкам учынення злачынства».
Указанне ўзросту асуджанага, удзелу ў справе гарадской пракуратуры, а таксама час выхаду інфармацыі на сайце Віцебскага гарвыканкама даюць падставы для высноваў, што ў ёй гаворыцца менавіта пра Арцёма Янкіна. Іншых справаў супраць маладых людзей такога ж узросту, распачатых паводле ч.1 арт.368 КК, у раскладах судоў вобласці не было.
Пра асобу асуджанага вядома няшмат. Паводле звестак з адкрытых крыніц, 20-гадовы жыхар Віцебска Арцём Янкін праяўляў вялікую актыўнасць у сацыяльных сетках. У "ОК" і "ВК" у хлопца зарэгістравана па некалькі дзясяткаў акаўнтаў.
Антон Гаўрусёў