Пятніца, 20 Верасень 2024

На гэтым тыдні дваіх віцяблян пачалі судзіць за абразу Аляксандра Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага Кодэкса судзяць 56-гадовага Паўла Іванова і 20-гадовага Арцёма Янкіна. Падставай для абвінавачання сталі каментары ў інтэрнэце. Іванова затрымалі, меркавана, сёлета ў чэрвені. Апошнія допісы Янкіна ў сацыяльных сетках зроблены восенню 2023 года.

Паўла Іванова судзяць і за абразу Лукашэнкі, і за абразу прадстаўнікоў улады. Працэс у судзе Першамайскага раёна Віцебска распачаўся 16 верасня, суддзём прызначаны Дзяніс Аляксеенка.

Кадры ягонага затрымання тры месяцы таму паказаў Telegram-канал, блізкі да віцебскіх сілавікоў. Паводле допіса, які суправаджаў відэаролік, Павел Іваноў "мечтал устроить хаос и разруху» ў Беларусі, пісаў каментары ў інтэрнэце і браў удзел "у масавых беспарадках" у 2020 годзе. У тэлефоне затрыманага сілавікі знайшлі фотаздымкі, на якіх ён у вялікай кампаніі людзей зняты на фоне плакатаў і бел-чырвона-белага сцяга.

Справу Арцёма Янкіна 19 верасня пачаў разбіраць суд Кастрычніцкага раёну. Суддзёй прызначана Святлана Кузьмічонак.

Пра асобу падсуднага вядома няшмат. Паводле звестак з адкрытых крыніц, гэта 20-гадовы жыхар Віцебска, вельмі актыўны ў сацыяльных сетках. У "Одноклассниках" і "ВКонтакте" у хлопца зарэгістравана па некалькі дзясяткаў акаўнтаў. Прычым у пераліку груп, на якія ён падпісаны, прыктычна няма «палітычных». Да слова, хлопец падпісаны на групу газеты «Белорусь сегодня» я яшчэ на шэраг груп, якія прадстаўляюць дзяржаўныя СМІ Віцебшчыны.

Антон Гаўрусёў