Субота, 16 Лістапад 2024

У віцебскіх шматпавярхоўках збіраюцца заварыць смеццеправоды. Рэакцыя гараджан неадназначная

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гаворка пра тое, каб заварыць смеццеправоды ў шматпавярховых дамах, у Віцебску заводзілася не аднойчы. Але гэтым разам усё ўсур'ёз: пра такі намер паведаміла гарадская газета «Віцьбічы». Гараджане дзеляцца сваімі меркаваннямі на гэты конт у гарадскіх пабліках, і сярод усіх выказаных пераважаюць думкі пра тое, што горад не гатовы да такога кроку – бо катэгарычна не хапае па-сучаснаму абсталяваных плацовак для збору смецця.

Распавядаючы пра намер заварыць смеццеправоды, прадстаўнікі камунальных службаў абапіраюцца на заканадаўства: маўляў, у 2017 годзе Савет Міністраў рэспублікі зацвердзіў нацыянальную стратэгію па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў краіне. Віцебскі гарвыканкам у адпаведнасці з перспектывай развіцця сістэмы збору і выдалення камунальных адходаў таксама зацвердзіў схему абыходжання з камунальнымі адходамі ў горадзе. Адным з яе этапаў з'яўляецца раздзельны збор смецця, што вельмі ўскладнена наяўнасцю звыклых смеццеправодаў у шматпавярховых дамах. У якасці альтэрнатывы гарадскія ўлады прапануюць стварэнне дадатковых кантэйнерных пляцовак закрытага тыпу.

Жыхары Віцебска звяртаюць увагу на тое, што такіх кантэйнерных пляцовах для асобнага збору смецця ў горадзе мала, а смеццеправоды ліквідаваць гарадскія ўлады ўжо гатовы. Але – пра ўсё па-парадку.

Мяркуючы па абмеркаваннях гэтай тэмы ў гарадскіх пабліках, некаторая частка віцяблян катэгарычна не задаволена перспектыўнай ліквідацыяй смеццеправодаў. Яны апелююць да таго, што шматпавярхоўках жыве вялікая колькасць людзей сталага ўзросту, якім будзе цяжка несці смецце кудысь далёка – а гэта не выключана, бо нават месца пад кантэйнерныя пляцоўкі у сучасных дварах часта бракуе. Гавораць і пра тое, што ў іх пад'ездах смеццеправоды не ствараюць праблем, хаця часта бывае і адваротнае – смецце вывозяць нерэгулярна, і ў пад'ездах стаіць смурод.

Вядома, ёсць і прыхільнікі наватарскага падыходу, якія кажуць, што асобны збор смецця – гэта сучасна і экалагічна. Аднак і яны адзначаюць, што спачатку трэба абсталявацб месцы збору, а потым ужо заварваць смеццеправоды. Інакш ідэая ўвогуле не мае сэнсу.

А гэта насамрэч так, кажуць гараджане. Бо нават у тых дварах, дзе ўжо ёсць магчымасць для раздзельнага збору шкла, паперы, пластыку і гэтак далей, далей сарціроўкі па кантэйнерах справа не йдзе: прыязжае машына-смеццявоз, якая збірае ў сваё «нутро» усё запар – з усіх кантэйнераў уперамешку...

Таму жыхары Віцебска, якія ў сваёй большасці падтрымліваюць неабходнасць экалагічнага асобнага збірання адкідаў, лічаць, што пачынаць варта не са смеццеправодаў. Якраз яны – гэта апошняе, што варта зрабіць. Найперш трэба забяспчыць усе ўмовы, каб раздзельны збор смецця для наступнай перапрацоўкі стаў магчымым – сапраўды пераабсталяваць кантэйнерныя пляцоўкі і закупіць адпаведную тэкніку. А ўжо потым заварваць смеццеправоды, каб сапраўды паспрыяць экалогіі і эканоміцы, а не проста стварыць для людзей дадтковыя праблемы.

Марына Квінт