Серада, 13 Лістапад 2024

У Докшыцах прапануюць паставіць помнік Генрыху Дмахоўскаму – выбітнаму скульптару і інсургенту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як можна было чакаць, прапанова сыходзіць не ад мясцовых уладаў, а ад актывістаў Віцебшчыны, зацікаўленых у захаванні гістарычнай памяці. 214-я ўгодкі Генрыха Дмахоўскага прайшлі сёлета 26 кастрычніка, і ў наступным юбілейным годзе было б вельмі дарэчы ўшанаваць памяць славутай асобы ўсталяваннем помніка ў райцэнтры.

Генрых Дмахоўскі нарадзіўся ў Дзісненскім павеце, зусім маладым браў удзел у вызвольным паўстаннні 1831 года. Пасля паразы паўстання атрад Дмахоўскага быў вымушаны адступіць на на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі, тамтэйшыя ўлады арыштавалі Дмахоўскага, суд прыгаварыў яго да зняволення, якое ён адбыў у 1834—1841 гадах у крэпасці Куфтайн. Пасля вызвалення жыў у Францыі, вучыўся ў мастацкай школе, наведваў майстэрні вядомых скульптараў.

Пазней Генрых Дмахоўскі перабраўся ў ЗША і пад псеўданімам Генры Сандэрс адкрыў школу скульптуры, уласную майстэрню, дзе і стварыў партрэтныя медальёны і бюсты Джорджа Вашынгтона, Бенджаміна Франкліна, Томаса Джэферсана, якія і сёння ўпрыгожваюць Капітолій. Пасля смерці імператара Мікалая I і амністыі вярнуўся ў Вільню, дзе працаваў скульптарам. У час паўстання Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў Дмахоўскі быў рэвалюцыйным камісарам Дзісненскага павета. Ён загінуў у баі з царскімі войскамі ля маёнтка Парэчча цяперашняга Докшыцкага раёна.

Магіла, дзе Дмахоўскі пахаваны разам з двума невядомымі паўстанцамі, знаходзіцца ў лесе на старажытным курганным могільніку паблізу вёскі Бірулі Докшыцкага раёна. Доўгі час пахаванне было ў жудасным стане, але ўвесну 2020 года яго добраўпарадкавалі і ўсталявалі на каменным крыжы мемарыяльную дошку.

На думку складальнікаў петыцыі №5952, «Генрых Дмахоўскі не толькі пакінуў пасля сябе цудоўныя творы мастацтва, але і стаў сімвалам мужнасці і стойкасці ў імкненні да незалежнасці, яго творчасць і барацьба за свабоду назаўжды ўпісаны ў гісторыю нашага народа». І таму «устаноўка помніка Дмахоўскаму будзе садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці пра выдатнага дзеяча, чые творы і жыццё складаюць важную частку нацыянальнай спадчыны Беларусі», і «кожны камень манумента будзе напамінам аб яго ўкладзе ў развіццё навукі і адукацыі, падкрэсліваючы важнасць інтэлектуальнай спадчыны».

Збор подпісаў пад петыцыяй завершаны, 9 лістапада яна накіравана ў Докшыцкі райвыканкам. Улады мусяць даць адказ да 19 снежня.

Павел Рачынскі