Панядзелак, 21 Кастрычнік 2024

Прымусова ліквідаваўшы НДА, улады вымушаны ў адзіночку змагацца з праявамі хатняга гвалту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Цэлы шэраг грамадскіх аб'яднанняў у Беларусі стаяў на варце інтарэсаў жанчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Аднак пасля татальнай «зачысткі» сектара НДА ў 2021-2023 гадах супрацьстаяць гэтай праблеме дзяржава можа ў асноўным абапіраючыся хіба што на высілкі міліцыі.

Хатні гвалт з'яўляецца адным з найбольш актуальных пытанняў у галіне аховы грамадскага парадку і абароны правоў грамадзян у Рэспубліцы Беларусь. Кожнае трэцяе забойства ў Беларусі здзейснена рукамі блізкіх. Міліцыя штогод фіксуе каля 80 тысяч паведамленняў аб гвалце ў сям'і. Праваахоўнікі сталі больш актыўна адсяляць агрэсараў і ўзбуджаць супраць іх крымінальныя справы. Аднак больш за 50% ахвяр усё яшчэ не звяртаюцца па дапамогу.

Цалкам знішчыўшы сектар НДА  і зачыніўшы ініцыятывы па барацьбе з хатнім гвалтам, у 2024 годзе ўлады запатрабавалі "выкарчоўваць з грамадства гвалт над жанчынамі і дзецьмі самымі жорсткімі метадамі". Адным з такіх захадаў стала спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Быт" у Наваполацку, накіраванае на прафілактыку і прадухіленне правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам.

Юрыст адзначае, што яно праводзілася на падставе не апублікаванага рашэння мясцовых органаў улады. Таму не была забяспечана належная інфармацыйная падтрымка змагання з важнай сацыяльнай праблемай.

Мерапрыемства праводзілася цягам месяца і грунтавалася на распрацаваных прававых нормах, якія забяспечваюць як адміністрацыйныя, так і крымінальныя меры адказнасці для асоб, якія ўчыняюць гвалт. Увядзенне ахоўных прадпісанняў і іншых прафілактычных мер дазваляе мінімізаваць рызыку паўторнага гвалту, забяспечваючы абарону ахвяр і стабілізацыю сітуацыі ў сям'і, мяркуе юрыст.

Аднак звяртае ўвагу на тое, што ўсе падобныя захады маюць прымусовы, гвалтоўны характар пакарання, што недастаткова эфектыўна. Варта было б пашырыць арсенал інтрументаў уплыву, да прыкладу, прадугледзець меры псіхалагічнай дапамогі для грамадзян, схільных да хатняга гвалту, у якасці альтэрнатыўнага ўздзеяння. Або забяспечыць умовы для ўцягвання гвалтаўніка ў грамадскую дзейнасць.

Віктар Яшын