Серада, 10 Ліпень 2024

У Віцебску ліквідуюць грамадскае аб'яднанне Беларуская федэрацыя спорту чанбара

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе 10 ліпеня разбіралі пазоў Міністэрства юстыцыі па ліквідацыі чарговага спартовага аб'яднання. Гэтым разам непажаданой аказалася ГА Беларуская федэрацыя спорту чанбара, зарэгістраванае ў верасні 2016 года ў Віцебску. Як тады пісала БЕЛТА, «цель деятельности федерации — объединение усилий его членов для совершенствования и дальнейшего развития спорта чанбара в Беларуси, его популяризация среди населения».

Гэты від спорту быў створаны ў Японіі ў 1973 годзе на аснове самурайскага паядынку на мячах. Чанбара або спочан (скарочанае ад «спорт чанбара») - гэта поўнакантактнае фехтаванне на нетраўматычных імітацыях халоднай зброі. Заснавальнік спорту чанбара - Тэцунда Танабэ. Годам заснавання лічыцца 1973 год. Першыя міжнародныя спаборніцтвы былі праведзены ў 1989 годзе ў Японіі.

Бой праводзіцца на пляцоўцы памерам 6 на 7 мэтраў. Задача спартоўца - ўразіць любую частку цела суперніка баявой часткай сваёй зброі. У некаторых відах паядынкаў зона паражэння абмяжоўваецца. Рашэнне аб залічэнні ўдару прымаюць суддзі. Кожны паядынак судзяць тры арбітры. Удар залічваецца, калі яго залічылі двое з троіх. У якасці зброі у спорце чанбара могуць быць мячы ( кароткі меч 60 см і доўгі меч 100 см), а таксама палка, шэст, дзіда. Баявая частка кожнай зброі ўяўляе сабой шчыльна напампаваную паветрам камеру прадаўгаватай формы.

У Японіі чанбара - афіцыйны від спорту. У Беларусі ім займаюцца дзеці і дарослыя ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях, у Брэсце, Магілёве і Мінску.

Аляксандр Пушкоў