Такія грубыя парушэньні былі нядаўна выяўленыя абласной гандлёвай інспэкцыяй Мінгандлю Беларусі падчас праверкі шэрагу начных клюбаў абласнога цэнтру і Воршы.
Напрыклад, у віцебскай рэстарацыі «Плянэта» (ПТУП «МэгаЭўратэкс») знайшлі 4 найменьні пратэрмінаванай прадукцыі амаль на мільён рублёў. У бары гэтага клюбу таксама былі два віды «пратэрміноўкі» на 115 тысяч рублёў, прычым морс з журавін застаяўся на паліцы зь ліпеня мінулага году. У піўной рэстарацыі ўстановы ў мэню фігуравалі нятанныя лікёры «Бэйліз» і «Шэрыданс», тэрміны рэалізацыі якіх мінулі адпаведна ў ліпені 2013-га (!) і сьнежні 2015-га.
У рэстарацыі «Кантынэнт» (ПТУП «МэгаЭўратэкс») таксама не абышлося без пратэрмінаваных тавараў. Тут прапаноўваўся амаль кіляграм закускі зь мяса «Балык «Традыцыйны», якая заляжалася «лішні» тыдзень, і столькі ж печані куранят-бройлераў, пратэрмінаванай больш як на месяц. У бары рэстарацыі кантралёры канфіскавалі з продажу яшчэ 8 найменьняў прадукцыі на 2,5 мільёну рублёў. Сярод іх бананавы сыроп, тэрмін прыдатнасьці якога скончыўся амаль чатыры гады таму (!), і вінаграднае віно, якое перастала быць прыдатным да ўжываньня тры гады таму.
Падобная сытуацыя ў аршанскім дыска-бары «NewBabaYaga» (ПТУП «КулінТорг»), дзе кантралёры знайшлі 4 найменьні пратэрмінаванай прадукцыі на 666 000 рублёў. Гэта салёна-сушеныя анчоўсы, стаўрыда, сухарыкі, тэрміны прыдатнасьці якіх мінулі ў 2014-м.
Дарэчы, згодна з КаАП Беларусі прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, вінаватыя ў рэалізацыі або прапанове да рэалізацыі тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасьці, іх захоўваньні, караюцца штрафам ад 30 да 500 базавых велічынь (6,3 – 105 мільёнаў рублёў).
Аляксандар Кутынка, vitvesti.by