Аўторак, 10 Май 2022

Эльвіра Мірсалімава заявіла, што віцебскі «Бессмертный полк» падтрымлівае вайну ва Украіне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Эльвіра Мірсалімава Эльвіра Мірсалімава

9 траўня ў агульнагарадское шэсце ўключылі акцыю «Бессмертного полка», удзельнікі якога афіцыйна пазіцыянуюць сябе як ініцыятыва захавання памяці пра загінулых герояў мінулай вайны.  Аднак па Віцебску калона прайшла не толькі з партрэтамі сваіх загінулых сваякоў, але з партрэтам Сталіна, стужкамі ў колерах расейскага сцяга і нашыўкамі «Z».

Афіцыйныя ўлады і міліцыянты ніякім чынам не адрэагавалі на наяўнасць незарэгістраванай сімволікі. І ўжо назаўтра каардынатарка акцыі Эльвіра Мірсалімава вырашыла «раскрыць карты»: яна адкрыта заявіла, што шэсце «Бессмертного полка» было дэманстрацыяй падтрымкі вайны ва Украіне.

«Ленточки в цветах российского флага и символы «Z» на витебчанах свидетельствуют о том, что Витебский Бессмертный полк практически единодушно поддерживает действия России по освобождению бывшей УССР от бандеровцев», – напісала Мірсалімава на сваёй старонцы «ВКонтакте».

Яна асабіста раздавала віцяблянам стужкі ў колерах расейскага сцягу і так званыя «георгіеўскія» стужкі. Праўда, паабяцаўшы, што будзе на шэсці са «стужкай у выглядзе сімвала Z», і пераконваючы віцяблянаў, што выкарыстанне літар «Z» і «V» на тэрыторыі Беларусі цалкам законнае, свайго абяцання прыхільніца «русского мира» не выканала. І нават у фотарэпартажах, зробленых ейнымі аднадумцамі, адмыслова не паказаныя твары тых, хто прыйшоў на акцыю, каб «зігануць» на падтрымку вайны.

Тут варта правесці паралель са стаўленнем з боку ўладаў і «сілавікоў» да тых, каго цягам мінулых гадоў судзяць і караюць турэмным зняволеннем за бел-чырвона-белыя стужкі і ўвогуле за любую сімволіку ў беларускіх нацыянальных колерах, а цяпер ужо і ў колерах украінскага дзяржаўнага сцяга. Улады на практыцы паказваюць, што расейскі сцяг у Беларусі яны прызнаюць дзяржаўным сімвалам, а ўкраінскі – не. І не бянтэжацца прызнаць, што фашыстоўская сімволіка на вуліцах Віцебску таксама цалкам законная: літара «Z» увасабляе не што іншае, як нацысцкае пажаданне найхутчэйшай перамогі «Зіг хайль!».

Але за прапаганду экстрэмісцкіх поглядаў і выкарыстанне фашыстоўскіх сімвалаў у калоне «Бессмертного полка» ніводзін міліцыянт не тое што не затрымліваў удзельнікаў акцыі, але нават не рабіў заўвагаў.

Застаецца дадаць, што ўключэнне «Бессмертного полка» у агульнагарадское шэсце да Дня Перамогі дазволіла арганізатарам праводзіць акцыю без адмысловага дазволу і без папаўнення гарадскога бюджэту за кошт аплаты працы «хуткай дапамогі», міліцыі і ЖКГ, як гэтага патрабуе заканадаўства аб масавых акцыях у Рэспубліцы Беларусь.

Феліцыян Красоўскі