Па словах супрацоўнікаў МУС, якія праводзілі ператрус, неўстаноўленая асоба 13 лютага 2021 году з румынскай сім-карты накіравала праз «Вайбер» старшыні суду Дубровенскага раёну Марыі Цыклінскай абразлівае паведамленне. Дубровенскі РАУС мае звесткі, што гэтай «неўстаноўленай асобай» можа быць Наталля Стрэльчанка. Што гэта былі за абразы і ці заводзілася крымінальная справа, міліцыянты не паведамілі.
У выніку ператрусу ў актывісткі канфіскавалі сістэмны блок ПК і мабільны тэлефон.
Гэта не першы ператрус, які адбываецца ў Наталлі Стрэльчанкі: толькі ў канцы 2020 году прайшлі два вобшукі. Тады таксама сканфіскоўваліся мабільныя тэлефоны і кампʼютарная тэхніка. Але калі раней падставай была крымінальная справа, заведзеная супраць мужа актывісткі Віктара Бугаёва, якога абвінавачвалі ў абразе супрацоўніка міліцыі ў сацсетках, дык зараз падазраванай стала сама Наталля.
Міліцыянты ідуць з ператрусам да Стрэльчанкі. Фота: facebook.com
Нагадаем, Віктар Бугаёў быў вымушаны пакінуць Беларусь, хаваючыся ад пераследаў.
На думку актывісткі такім чынам мясцовыя ўлады проста хочуць яе запалохаць.
«Ужо ад кастрычніка мінулага году яны спрабуюць ціснуць на мяне. Спачатку ператрусы па абвінавачванні мужа, зараз вырашылі абвінаваціць мяне. Звязваю гэты ціск на мяне з маёй грамадзянскай пазіцый, а таксама – з адмовай падпісваць іх папярэджанні аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах», – мяркуе Наталля Стрэльчанка.
Старшыня суда дубровенскага раёну Марыя Цыклінская, якую, па словах міліцыянтаў, хтосьці абразіў у мэсэнджары, вядомая сваім удзелам у працэсах над мясцовымі грамадзянскімі і палітычнымі актывістамі. Яна неаднойчы выносіла абвінаваўчыя прысуды па арт. 23.34 КаАП (цяпер – арт. 24.23). Гэтак, 21 студзеня Цыклінская прысудзіла прадпрымальніку Міхаілу Чамуруку 7 сутак адміністрацыйнага арышту за бел-чырвона-белыя шарыкі, вывешаныя на акне прыватнага дому. Штрафавала таксама і Наталлю Стрэльчанку, якой прысудзіла летась быццам бы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 25 базавых велічынь
Уладзімір Бяляўскі