Панядзелак, 15 Сакавік 2021

«Кісларод – гэта не палітыка, гэта жыццё». Віцябляне падтрымліваюць доктара Мартава

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Скрын з відэа Скрын з відэа

Жыхары Віцебску падзякавалі за грамадзянскую пазіцыю і сумленнасць Уладзіміру Мартаву – загадчыку аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі гарадской клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі, якога звальняюць з 3 красавіка. Відэа акцыі ў падтрымку лекара размясціў тэлеграм-канал «Віцебск неверагодны», піша TUT.BY.

Гараджане выйшлі на акцыю з плакатамі «Дзякуй, доктар Мартаў, за выратаваныя жыцці», «Кісларод – гэта не палітыка, гэта жыццё», «Скарачаючы лекараў, скарачаеце жыццё» ды іншымі. У відэа аўтары выкарыстоўвалі фотаздымкі парталу TUT.BY з рэпартажу з рэанімацыі доктара Мартава ў самы разгар пандэміі COVID-19.

З 3 красавіка Уладзіміру Мартаву не працягваюць працоўны кантракт.

Надзвычайнае здарэнне з кіслародам у віцебскім шпіталі

Загадчык аддзялення рэанімацыі віцебскай БХМД Уладзімір Мартаў распавёў аб здарэнні ў яго больніцы. На пачатку студзеня ў хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду – на 15, 20 і 23 хвіліны. «Нехта памёр у тыя ж дні, хтосьці – на наступны дзень, хтосьці – праз 3-5 дзён». Мартаў не назваў дакладную колькасць памерлых, але сказаў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі». Медык паведаміў пра гэта міністру Піневічу, той даслаў у шпіталь камісію, вынік усяго гэтага: па словах лекара, перабоі з кіслародам назіраюцца і дагэтуль, самому ж Мартаву з красавіка не працягваюць кантракт.

У пятніцу, 12 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка пабываў у Маладзечанскай цэнтральнай раённай больніцы і спытаў у Дзмітрыя Піневіча пра тое здарэнне. «Былі невялікія перабоі», – так пракаментаваў сітуацыю міністр аховы здароўя. Лукашэнка ж запатрабаваў: «Ну, калі там палітыка, дык, значыцца, трэба на месца чалавека ставіць». «Паставім», – паабяцаў Піневіч.

«Падача кіслароду не залежыць ад таго, загадчык аддзялення рэанімацыі апазіцыянер ці не»,адказаў на гэта Уладзімір Мартаў.

14 сакавіка здарэнне з кіслародам яшчэ раз пракаментаваў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. У інтэрв'ю СТВ Піневіч ахарактарызаваў загадчыка аддзялення рэанімацыі віцебскай БХМД Уладзіміра Мартава як прафесіянала, але падкрэсліў, што, па ягоных дадзеных, перабоі ў падачы кіслароду ў больніцы не былі прычынай смерці пацыентаў.

«Інцыдэнт, наколькі я разумею, быў. Мы яшчэ будзем яго разбіраць больш падрабязна на ўзроўні лячэбна-кантрольнага савету Міністэрства. Гэта было ў халодны перыяд, калі была нагрузка на кіслародную сістэму. Але, як сцвярджаюць іншыя спецыялісты, гэта было кароткачасовае падзенне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна на тое, што распавядаў паважаны Уладзімір Юрʼевіч», – адзначыў Піневіч.

Ён таксама расказаў, што ў БХМД Віцебску быў выяўлены цэлы шэраг парушэнняў, напрыклад факт парушэння санэпідрэжыму, што магло і, хутчэй за ўсё, прыводзіла да ўнутрышпітальных заражэнняў каронавірусам персаналу, у тым ліку ў «чырвонай зоне».

«Адзначалася, што, на жаль, Уладзімір Юрʼевіч сваім дрэнным прыкладам паказвае невыкананне жорсткіх нормаў знаходжання спецыялістаў у «чырвонай зоне», – сказаў Піневіч. Адзначыў, што меры дысцыплінарнага ўздзеяння прынятыя да цэлага шэрагу спецыялістаў шпіталя.