Як таго патрабуе закон, Вадзім Кузьмін своечасова прайшоў медкамісію, аплаціў дзяржаўную пошліну, паліклінічныя паслугі і паслугі псіхіятра, атрымаў пасведчанне, але гэта не ўратавала яго ад міліцэйскага свавольства.
«У пятніцу прыходзяць міліцыянты і, спасылаючыся на тое, што я нібыта не начую на месцы пражывання, на перыяд адміністрацыйнага расследавання, якое ўжо распачатае, забіраюць зброю на захоўванне ў міліцыю. Прычым двое з трох міліцыянтаў выступілі ў якасці панятых. У сувязі з выстаўленымі абвінавачаннямі жонка адрэагавала вельмі эмацыйна: «Вы што з глузду з'ехалі?» Але хіба з імі мае сэнс спрачацца?» – абураецца Кузьмін.
Ён прыгадвае, што непасрэдна перад працягненнем дазволу ўжо прыходзілі правяраць стрэльбу і ўмовы яе захоўвання. Праверкі такія адбываліся часта, па тры-чатыры разы, перад усімі выбарамі. Але зазвычай прыходзілі жанчыны. Гэтым разам прыйшлі тры супрацоўнікі МУС, склалі акт. Загадзя ў дзверы засунулі цыдулку з просьбай ад 8.00 да 13.00 забяспечыць доступ да зброі.
«Але ж прыйшлі не правяраць, а адбіраць. Сунулі ў нос пасведчанне, я не паспеў разгледзець, назвалі, праўда, прозвішчы, але без званняў і пасадаў. Адабралі. Я пайшоў у пракуратуру, напісаў скаргу, прыклаў паляўнічы білет, сведчанні суседзяў», – расказвае Вадзім Кузьмін.
У скарзе зазначыў, што міліцыя не патлумачыла прычыну канфіскацыі зброі. Ніякіх парушэнняў захоўвання паляўнічай стрэльбы на працягу сямі гадоў не было. Спасылкі на тое, што ён не начуе ўдома, лічыць надуманымі. Праверыць ягонае месцазнаходжанне можна праз аналіз білінгу асабістага тэлефону і багатую сістэму відэаназірання, размешчаную ў раёне чыгуначнага вакзалу, дзе ён жыве разам з жонкай.
Стрэльба цягам 7 гадоў захоўваецца па месцы ягонага непасрэднага пражывання. Кузьмін даглядае маці. За гэты перыяд ніякіх адміністрацыйных спраў у дачыненні да яго не заводзілася, не было нават дробных заўвагаў з боку праваахоўных органаў.
Праўда, Кузьмін зʼяўляецца вельмі актыўным удзельнікам усіх выбарчых кампаній, што можа мець простае ці апасродкаванае дачыненне да канфіскацыі паляўнічай зброі.
Кузьмін лічыць, што канфіскацыя стрэльбы адбылася з надуманай прычыны і, магчыма, як помста за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
С. Горкі