Свой жалобны шлях грамадскія актывісты пачалі з наведвання вясковых могілак у вёсцы Мазалава. Там у 2018 годзе мясцовыя ўлады пахавалі парэшткі 302 рэпрэсаваных, знойдзеныя ў «расстрэльным лесе» ля вёскі Хайсы вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну. Поруч з афіцыйным крыжам актывісты паставілі свой, удакладнілі на шыльдачцы, каму належаць знойдзеныя ля Хайсоў чалавечыя парэшткі.
Не прамінулі сябры ініцыятывы ўскласці кветкі і памянуць добрым словам жыхара Хайсоў Змітра Ганчарова, які пахаваны непадалёку ад брацкай магілы ахвяраў сталінізму і які быў жывым сведкам знішчэння рэпрэсаваных у хайсоўскім лесе.
На вайсковым мемарыяле ля чыгуначнай станцыі Лосвіда актывісты ўсклалі кветкі да магілы рэпрэсаваных. У 2017 годзе, пад выглядам ахвяраў вайны, мясцовыя ўлады перапахавалі там парэшткі, знойдзеныя пашукавікамі ў тым жа хайсоўскім лесе.
Лес пад Хайсамі ўвесь зеўрае зараз «расстрэльнымі» ямінамі, вакол якіх актывісты ўсталявалі драўляныя і металёвыя крыжы. Месца масавых расстрэлаў намаганнямі сяброў ініцыятывы і неабыякавых грамадзян ператворанае ў народны мемарыял.
Дзякуючы знаходкам вайскоўцаў, успамінам мясцовых жыхароў і працы з даступным гістарычным матэрыялам з вялікай доляй верагоднасці ўдалося вярнуць з нябыту імёны знішчаных грамадзян. Сярод іх – настаўніца Вольга Данцыт, старшыня калгасу Антон Рамашка, мастакі Янка Гаўрыс, Яўхім Мінін, браты Пётр і Хрыстафор Даркевічы.
Алена С. распавяла, што 4 лістапада 1937 году тут быў расстраляны і яе дзед. Ён не быў мастаком, ён не быў артыстам, а працаваў дарожным майстрам.
«Сваю ролю ў яго трагічным лёсе адыграла шляхецкае прозвішча – Сухорскі. Станіслаў быў звычайным каталіком, а з яго зрабілі сябра падпольнай польскай арганізацыі вайсковай. Жыў чалавек, займаўся выключна грамадзянскімі справамі.
У архіве я знайшла матэрыялы, з якіх вынікае, што ў 1925 годзе ён уладкоўваўся страхавым агентам. Пасля расстрэлу без бацькі застаўся мой дзядзька – Генрых Станіслававіч», – распавяла гісторыю свайго роду спадарыня Алена.
Напрыканцы актывісты наведалі Цёплы лес каля Лужасна. Там таксама расстрэльвалі рэпрэсаваных.
Некалькі гадоў таму былы прафесар Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Генадзь Сакалоў распавёў гісторыю, як за некалькі гадоў да вайны ён, заінтрыгаваны расповедамі старэйшых хлопцаў, прыйшоў разам з імі паглядзець, як забіваюць людзей. Тая цікаўнасць ледзь не скончылася трагедыяй, але хлопцы, напалоханыя стрэламі энкавэдэшнікаў, здолелі ўцячы...
С. Горкі, фота аўтара