Усходняе партнэрства – гэта праект Эўрапейскага Зьвязу, накіраваны на разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў Эўразьвязу з краінамі былога СССР: Беларусьсю, Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. У кожнай з названых краін ён разьвіваецца на розных узроўнях: недзе больш пасьпяхова, а дзесьці, як напрыклад у нашай краіне, менш.
Акрамя фармальных пунктаў праграмы, такіх як знаёмства з Форумам грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства і прэзэнтацыі розных дасьледаваньняў і праектаў, мерапрыемства мела і цалкам канкрэтную мэту – выпрацаваць прапановы мясцовай грамадзянскай супольнасьці наконт супрацы Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу, а таксама атрымаць зваротную сувязь ад удзельнікаў.
Сьвятлана Каралёва, каардынатарка праекту «Эўрапейскі Зьвяз і Беларуская нацыянальная пляцформа», якая выступала ў якасьці мадэратара, гэтак акрэсьліла сэнс сустрэчы, што адбылася:
– Беларуская нацыянальная пляцформа ня мае выразнай палітыкі па працы з рэгіёнамі. Я адразу кажу, што гэта наш такі першы досьвед, і нам будзе важная ваша зваротная сувязь наконт таго, якую нам данесьці да вас інфармацыю. Бо зразумела, што мы працуем на абсалютна нацыянальным узроўні – мы лабіюем, адвокатуем. Але на сустрэчы кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу спадарыня Віктарын сказала пра адзін вельмі важны прыярытэт, які ня ёсьць прыярытэтам Беларускай нацыянальнай пляцформы, хоць для вас ён вельмі важны, – гэта разьвіцьцё рэгіёнаў. Што гэта значыць? Гэта значыць, што Вы будзеце прыярытэтам. Ня Менск, ня цэнтар, а рэгіёны.
З прэзэнтацыі можна было даведацца, якія праекты фінансуе і падтрымлівае Эўрапейскі Зьвяз на тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Іх налічваецца каля дваццаці, вось толькі некаторыя:
- PubLiCity: энэргаэфэктыўная мадэрнізацыя вулічнага асьвятленьня ў горадзе Полацку.
- Падтрымка пераходу да зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.
- «Павестка дня 50». Правы інвалідаў: павестка дня для Беларусі.
- Браслаўскі раён – першы кліматычна нэўтральны муніцыпалітэт у Беларусі.
- Падтрымка ўстойлівага разьвіцьця турызму ў Беларусі.
Варта адзначыць, што большасьць праектаў Эўразьвяз рэалізуе супольна зь мясцовымі органамі ўлады. Няўрадавыя арганізацыі амаль адхіленыя ад удзелу ў іх. Так, згодна з дадзенымі, якія прагучалі падчас дыскусіі, з 120 мільёнаў эўра ў год, якія выдаткоўваюцца Эўрапейскім Зьвязам на Беларусь, толькі 10-11% прыпадае на грамадзянскі сэктар, астатнія грошы асвойваюцца чыноўнікамі.
Закраналася на сустрэчы і тэма правоў чалавека:
– Вельмі важны дыялёг, які праходзіць і які зьяўляецца фарматам ўзаемадзеяньня паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю, – гэта дыялёг па правох чалавека. Я хачу сказаць, што мы амаль што адзіная краіна, дзе ёсьць адмысловае месца для дыялёгу па правох чалавека, бо ў гэтай галіне ў нас няма сур'ёзныя зрухаў, і праходзяць вельмі сур'ёзныя перамовы паміж нашым урадам і Эўрапейскім Зьвязам на гэтую тэму. І Вы пабачыце, якая ж роля грамадзянскай супольнасьці ў гэтым пытаньні, і што робіць грамадзянская супольнасьць дзеля таго, каб наш голас быў пачуты, – адзначыла Сьвятлана Каралёва.
Напрыканцы сустрэчы прайшоў невялікі мазгавы штурм – удзельнікам, якія падзяліліся на групы, было прапанавана сфармуляваць і напісаць агульнае меркаваньне на тэмы:
- Праграмы, накірункі дзейнасьці, якія Эўрапейскі Зьвяз можа падтрымаць у Віцебскім рэгіёне.
- Рэкамэндацыі па наладжваньні канструктыўнага дыялёгу грамадзянскай супольнасьці зь мясцовымі ўладамі.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/3037-infarmatsyjny-dzen-ab-pragrame-uskhodnyaga-partnerstva-eurazvyazu-prajshou-u-vitsebsku#sigProId4b0d173069
Уладзімер Бяляўскі