Падчас сьледзтва выяўлена, што службовыя асобы зь лістапада 2012 году да сьнежня 2013 году выдалі загад, які прадпісваў Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаваньняў перадаць гаражы для аўтамашын на балянс санаторыя «Чыгуначнік» у в. Малыя Лётцы Віцебскага раёну. Затым арганізавалі рэканструкцыю гэтых гаражоў пад дом адпачынку падвышанай камфортнасьці і лазьневы комплекс без узгадненьня з заснавальнікам.
Праектна-каштарысная і дазвольная дакумэнтацыя на вытворчасьць будаўніча-мантажных работ будынку аўтагаражоў адсутнічала, паведамляе сайт Сьледчага камітэту.
У выніку незаконнага пераабсталяваньня было выдаткавана блізу 780 000 рублёў прадпрыемства, што пагоршыла фінансавы стан.
Акрамя таго, сьледчыя высьветлілі, што ў кватэры і гаражы 54-гадовага дырэктара прадпрыемства ў Віцебску быў арганізаваны рамонт з прыцягненьнем рабочых, транспарту, спэцыяльнай тэхнікі і маёмасьці УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» без заключэньня дамовы і аплаты выкананых работ. У выніку прадпрыемству нанесеная шкода на агульную суму больш за 10 000 рублёў. Фіктыўныя дамовы былі складзеныя пазьней.
Падчас сьледзтва выяўлены таксама факт крадзяжу ў красавіку 2014 году пасудамыйнай машыны, якая была набытая прадпрыемствам нібыта для патрэб рэканструяванага санаторыя-прафілякторыя, хоць праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй гэта не прадугледжвалася.
Сьледчымі прад'яўленае абвінавачваньне мужчынам паводле часткі 3 артыкулу 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з асабістай зацікаўленасьці, што пацягнула цяжкія наступствы), часткі 2 артыкулу 210 (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены групай асоб паводле папярэдняй змовы), часткі 2 артыкулу 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), часткі 1 артыкулу 427 (складаньне і выдача заведама непраўдзівых дакумэнтаў, учыненыя зь іншай асабістай зацікаўленасьці) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
З мэтай кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачынствамі, сьледчыя наклалі арышт на маёмасьць абвінавачаных на агульную суму больш за 373 000 рублёў, у тым ліку на грашовыя сродкі, 3 аўтамабілі, 2 кватэры і іншую маёмасьць.