Пятніца, 05 Чэрвень 2015

Праваслаўны дзяк зь Віцебску называе беларускіх чыноўнікаў ворагамі «рускага сьвету»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У першай палове мая Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне газэце Віцебскай епархіі БПЦ (Маскоўскі патрыярхат) «Наше православіе». У сувязі з гэтым на некаторых праваслаўных сайтах, што знаходзяцца ў дамэннай зоне.by (sobor.by, odigitria.by), а таксама на расейскіх сайтах, як zavtra.ru, нехта Анатоль Шлыкаў распаўсюджвае дзіўныя звароты.

Напрыклад, Шлыкаў выносіць пісьмовае папярэджаньне беларускім чыноўнікам: «Нядаўняя правакацыйная заява чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі ў адрас газэты «Наше православіе» зьяўляецца недружалюбным выпадам супраць праваслаўных хрысьціян і ставіць перад сабой мэту вывесьці праваслаўных хрысьціян на вуліцы. Таму мы, праваслаўныя хрысьціяне, не сядзім склаўшы рукі. Мы рыхтуемся да антымайдану. Ніхто ня зможа нам забараніць гэта рабіць. Мы выйдзем на вуліцы, але толькі для таго, каб разагнаць дзярждэпаўскі майдан».

Самае цікавае, што аўтар перакананы, што на дзярждэпаўскіх пайках сядзяць ня толькі зьненавідныя яму «сьвядомыя», але і дзяржаўныя ідэолягі. На думку Шлыкава, яны атрымалі непасрэдную задачу – «даводзіць да сьлёз праваслаўных вернікаў». «Але ці паслухаюць ідэолягі свой народ? Не. Бо для гэтага ім трэба адмовіцца ад дзярждэпаўскіх піражкоў, а гэта ня ў сілах беларускіх ідэолягаў», - сьцьвярджае Шлыкаў.

«Калі раптам беларускаму прэзыдэнту зь нейкіх прычын ня ўдасца ўтрымаць у краіне сытуацыю пад кантролем, то мы, праваслаўныя хрысьціяне, ня будзем абыякава назіраць за падзеямі, што адбываюцца. Мы паступім гэтаксама, як і жыхары Данбасу. Але ў адрозьненьне ад іх, мы ня будзем абмяжоўвацца адной або двума абласьцямі - мы вызвалім усю Беларусь ад майданшчыкаў», - ад імя праваслаўных вернікаў гаворыць Шлыкаў.

У правіну беларускім чыноўнікам, якіх Шлыкаў проста дэманізуе, ён ставіць спробу расколу Беларускай праваслаўнай царквы. Пад расколам ён мае на ўвазе большую самакіраванасьць БПЦ, пра якую казаў мітрапаліт Павал напрыканцы мінулага году. Іншы пункт – перапісваньне гісторыі вайны 1812 году. Так склалася, што ў беларускай гістарыяграфіі тая вайна лічыцца хутчэй грамадзянскай, але зусім не айчыннай.

Адзінымі пазытыўнымі чыноўнікамі ў матэрыялах Анатоля Шлыкава паўстаюць былы кіраўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Аляксандар Базанаў, а таксама ягоны намесьнік Леў Крыштаповіч, якія летась былі пазбаўленыя пасад.

У іншай публікацыі аўтар адзначае: «Беларусы зайздросьцяць расейцам. У іх ёсьць тысячагадовая гісторыя. У нас, беларусаў, няма гісторыі, але ёсьць гісторыкі, якія абвясьцілі яе выдуманай».

«Застаёмся быць рускімі і мы, карэнныя жыхары Беларусі, таму што рускімі мы былі тысячу гадоў таму, рускімі мы застанемся і цяпер. На жаль, у самой Расеі ня ўсе разумеюць, што мы, карэнныя беларусы, зьяўляемся такімі самымі рускімі, як самі расіяне», - перакананы аўтар.

Шлыкаў катэгарычна супраць ушанаваньня ў Беларусі памяці вялікіх князёў літоўскіх. Ён параўноўвае гэта з тым, як калі б сёньня ў Расеі пачалі ўшаноўваць татарскіх ханаў. А час знаходжаньня сёньняшніх беларускіх земляў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай называе не інакш, як «літоўска-польскае ярмо».

У сваіх шматлікіх публікацыях Анатоль Шлыкаў называе сябе «выконваючым абавязкі панамара ў храме сьвятой роўнаапостальнай Алены». У простай мове панамароў часам называюць «дзячкамі».

Просты пошук у інтэрнэце дазваляе знайсьці, што асноўным месцам працы Анатоля Шлыкава зьяўляецца прыватнае прадпрыемства, якое займаецца продажам польскіх помпаў.

Крыніца: «Наша Ніва»