На Кабыляцкай гары пад Воршай у 1930-я гады расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта нагадвае помнік-валун, а навакольную тэрыторыю ўпарадкуюць валанцёры – мясцовыя актывісты і нашчадкі расстраляных. Падчас чарговай прыборкі мемарыяльных мясцінаў і былі заўважаны сляды прысутнасці вандалаў, кажа Ігар Станкевіч, кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»:
«Мне патэлефанавалі абураныя сваякі і распавялі, што на помніку з’явіліся георгіеўскія стужкі. Той, хто гэта зрабіў, напэўна, імкнуўся прадэманстраваць свой ваяўнічы настрой у дачыненні да Беларусі і яе гісторыі. Расея як раней, так і зараз імкнецца прыхаваць падзеі перыяду сталінскіх рэпрэсій. Можа, нават, мы бачым тут спробу ўвогуле «перапісаць» гісторыю – маўляў, гэтых людзей расстралялі падчас мінулай вайны. Гэткая падмена – самы папулярны ідэалагічны выбрык у сучаснай Беларусі, калі злачынствы камуністычнага рэжыму перакідаюць на нацыстаў».
Помнік на Кабыляцкай гары і раней некалькі разоў цярпеў ад рук вандалаў. Але гэта былі звычайныя злодзеі, якія двойчы зрывалі з валуна і выкрадалі "на металалом" сілумінавую мемарыяльную шыльду. Было гэта яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. Пасля помнік ніхто не чапаў, і вакол яго ўтварыўся цэлы самаробны мемарыял: апрача агульнага помніка, тут пачалі з’яўляцца індывідуальныя помнікі ахвярам сталінскіх расстрэлаў.
Тое, што гэта былі менавіта сталінскія расстрэлы, даўно даказана. Чалавечыя косткі і чарапы ў гэтых мясцінах пачалі выкопваць падчас будаўніцтва чыгункі ў 1982-м годзе. Тады ж была сабрана адмысловая камісія, якая афіцыйна прызнала, што парэшткі належаць ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Такім чынам, пра трагедыю на Кабыляцкай гары стала вядома яшчэ раней за расстрэлы ў менскіх Курапатах.
Юрка Жмых
Серада, 29 Чэрвень 2022
Вандалізм «русского мира» на Кабыляцкай гары
Помнік расстраляным падчас сталінскіх рэпрэсій пад Воршай пацярпеў ад невядомых вандалаў. На шыльду з надпісам «Месца памяці і смутку» прыхільнікі «русского мира» наклеілі налепкі ў выглядзе георгіеўскіх стужак. Побач быў усталяваны і нейкі плакат з расейскім «трыкалорам» і зоркамі, але на момант фіксацыі акту вандалізму ён ужо быў сарваны. Усё гэта выглядае на спланаваную акцыю, бо помнік месціцца за ўскраінай гораду, і трапіць сюды можна толькі маючы пэўную мэту.
Апублікавана ў
Распальваньне варожасьці