Пра наступствы вайны для беларусаў – пра спад у эканоміцы, падаражэнне долара і еўра, рэпутацыйныя страты беларускай дзяржавы Мірсалімава піша як пра «начало Преображения, исход нашего народа из лабиринта Помрачения». Намесніца старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама намесніца старшыні аргкамітэту «Гражданского согласия», маці траіх дзяцей Эльвіра Мірсалімава, не зважаючы на шматтысячныя чалавечыя страты, лічыць, што расейская «спецоперація должна быть завершена только тогда, когда все цели будут достигнуты».
А потым, калі Украіна будзе захоплена, у чым прыхільніца «русского мира» не сумняецца, трэба будзе распачаць доўгатэрміновую «стратегию нашего общерусского, цивилизационного Преобразования». І ў выніку «спецоперации и последующей зачистки наше общерусское пространство, как определение единства жителей нынешних Украины, Белоруссии и России, должно стать местом Силы и Света, местом Развития и Возможности, Порядка и Справедливости».
За спробай з дапамогай узнёслых словаў завуаляваць гвалт і смерць стаіць не што іншае, як прапаганда вайны, забароненая беларускім заканадаўствам. Аднак змест матэрыялаў інтэрнэт-рэсурса politring.com чамусьці не выклікае трывогі ў пракурорскіх работнікаў, якія з вялікай гатовасцю ініцыююць далучэнне да спісу экстрэмісцкіх сайты незалежных СМІ.
Гэтаксама ў допісах Эльвіры Мірсалімавай ёсць падставы і для распачынання справаў за распальванне расавай і міжнацыянальнай варажнечы – гэта азначэнні «нацики», «бандеровские садисты» и «необандеровцы» на адрас сучасных жыхароў Украіны.
Яшчэ адзін сталы аўтар сайта і прадстаўнік «русского мира» Андрэй Герашчанка таксама ніколькі не бянтэжыцца, заяўляючы, што «власть в Киеве захватила бандеровская хунта» і што гэта «прямая угроза нам, создание плацдарма для дальнейших провокаций и нападения на Россию или Республику Беларусь». Кіраўнік прарасейскай грамадскай арганізацыі «Русский дом» лічыць, што «в данный момент прямая угроза от Украины исходит не только Донбассу или Крыму, являющемуся частью России, но и границам России и Белоруссии». Таму «проблему Украины придётся решать – если решить её сейчас, а не оставлять на потом, будет проще».
Падобныя фармулёўкі цяжка расцаніць інакш, як заклікі да вайсковага нападу, тым болей, што працытаваны вышэй артыкул быў напісаны яшчэ да пачатку вайсковых дзеянняў ва Украіне, у першых ліках лютага гэтага году.
Публікуючы допісы, дзе выкарыстоўваецца мова варожасці, дыскрымінацыя людзей паводле нацыянальнай прыкметы і адкрытая прапаганда вайны, сайт politring.com прыкрываецца чыстай дэмагогіяй. Маўляў, «мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства», а наш сайт – гэта ўсяго толькі «дискуссионная площадка, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь».
Андрэй Кот