Аўторак, 29 Кастрычнік 2019

Тры гады “хіміі” за фотаздымкі “ЎКантакце” – распальваў варожасьць, зьняславіў помнікі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе 28 кастрычніка завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Аляксея В., якога абвінавачвалі ў распальваньні расавай варожасьці і зьнеслаўленьні помнікаў абаронцам Айчыны на плошчы Перамогі ў Віцебску. Судзьдзя Андрэй Прэйс палічыў віну падсуднага даказанай.

Крымінальная справа супраць 34-гадовага жыхара Віцебску была распачатая па ч.1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне расавай варожасьці) і ч.2 арт.346 (зьнеслаўленьне помнікаў абаронцам Айчыны). Падставай паслужылі фота- і відэаматэрыялы, разьмешчаныя на асабістай старонцы мужчыны ў сацсетцы “ЎКантакце” яшчэ ў 2011-2012 гадах.

На адным з фота малады чалавек ускідвае руку ў нацысцкім вітаньні на фоне падземнага пераходу да плошчы Перамогі.

Ня думаў, што гэта злачынства...

У апошнім слове на судзе віцяблянін зьвярнуў увагу судзьдзі, што відэа, якое было разьмешчанае на яго асабістай старонцы, ён выпадкова знайшоў у інтэрнэце. Яно знаходзілася ў вольным доступе, і любы ахвотны мог яго ўзяць на сваю старонку.

“Я думаў: калі відэа знаходзіцца ў вольным доступе і я яго вазьму на старонку, дык гэтым самым не ўчыню ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў”, – казаў абвінавачаны.

Прызнаўся, што скапіяваў той ролік, нават не паглядзеўшы, што ў ім утрымліваецца. Што да фотаздымку ў падземным пераходзе, дык заявіў, што ягоны жэст ні пра што ня сьведчыць, бо нічога кепскага ў той жэст не ўкладаў і нікога абразіць не хацеў.

Прасіў не абмяжоўваць волі

Аляксей. В заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, але ўсьведамляе, што раз ужо заведзеная справа і ідзе судовы працэс, дык вынесуць і прысуд. Таму папрасіў судзьдзю прызначыць яму пакараньне ў выглядзе альбо штрафу, альбо ўмоўнага тэрміну, але каб не пазбаўлялі волі і не абмяжоўвалі яе, бо “гэта можа зламаць увесь далейшы лёс” – страціць працу і ўжо ня зробіць кар’еры.

Тым ня менш, судзьдзя Андрэй Прэйс прысудзіў мужчыну да 1 году абмежаваньня волі за зьдзек над помнікамі абаронцам Айчыны і 2,5 гады за распальваньне расавай варожасьці. Па сукупнасьці прызначыў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады і 1 месяц.

Прысуд не набыў законную сілу.

Пасьля суду Аляксей заявіў, што з рашэньнем Віцебскага абласнога суду ня згодны і будзе яго абскарджваць у Вярхоўным судзе.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.