Аўторак, 31 Студзень 2017

Віцебскія ідэолягі ня бачаць пагрозы ў гастролях выканаўцы шансону – адэпта «Рускага сьвету»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Каліна Віктар Каліна

Здаецца, віцебская ўлада дала слабіну і ўсё ж «прагнулася» пад беларусафобскім шансанье. Віктар Каліна атрымаў дазвол на правядзеньне канцэртаў на тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Довады віцебчукоў, што гастрольная дзейнасьць гэтага грамадзяніна падрывае нацыянальныя інтарэсы і пагражае бясьпецы, бо сее міжнацыянальную варожасьць, здаліся ўладам ня вартымі ўвагі.

Нагадаем, зьяўленьне інфармацыі пра маючыя адбыцца ў лютым канцэрты Віктара Каліны ў шэрагу гарадоў вобласьці выклікала хвалю абурэньня сярод віцебчукоў. У прыватнасьці, жыхар абласнога цэнтру Сяргей Сясіцкі накіраваў ліст у аблвыканкам, у якім выступіў супраць правядзеньня канцэртаў шансанье Каліны, вядомага сваімі антыбеларускімі выказваньнямі і ўдзелам у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку незаконных фармаваньняў сэпаратыстаў.

На зварот спадара Сясіцкага чыноўнікі аблвыканкаму адказалі, што Каліна ня мае дазволу на гастролі ў  Віцебскай вобласьці, і што апошняму растлумачана пра недапушчальнасьць разьмяшчэньня рэклямы канцэртаў, на правядзеньне якіх няма адпаведнага пасьведчаньня. І вось цяпер шансанье – барацьбіт за ідэі «Рускага сьвету» неабходнае пасьведчаньне атрымаў.  

Паводле словаў супрацоўнікаў аддзелу ідэалёгіі, грамадзяне праяўляюць цікавасьць да канцэртаў, і шмат ахвотных ім тэлефануюць і пытаюцца, ці адбудуцца яны. Паводле запэўненьня прадстаўнікоў улады, чакаюцца аншлягі, Каліна зьяўляецца цалкам законапаслухмяным і прыстойным грамадзянінам, і калі на канцэртах будзе гучаць антыдзяржаўная і антыбеларуская прапаганда, то канцэрты будуць спыненыя.

Атрыманьне дазволу сьпявак расцаніў няйначай як перамогу. Чамусьці, над беларускай апазыцыяй. Ён напісаў на сваім сайце: «Арганізавана іх апрычнікі пішуць скаргі на мяне, ажыўлена абвінавачваючы ва ўсіх грахох чалавецтва і сваіх няўдачах. Патрабуюць забараніць правядзеньне маіх канцэртаў у Беларусі. Першай пад іх пахабны ўдар трапіла Віцебская вобласьць. Пасьля прыведзенай праверкі іх абвінавачаньні ў дачыненьні да мяне не пацьвердзіліся. Хлусьня і паклёп – гэта іх зброя. Хлусьня і паклёп у дачыненьні да маёй Беларусі, хлусьня ў дачыненьні да кіраўніка дзяржавы, хлусьня аб сытуацыі».

Ці азначае гэта, што мясцовая ўлада падзяляе яго погляды, а сэпаратысцкія і антыбеларускія ідэі сталі часткай афіцыйнай ідэалёгіі ў Віцебскім рэгіёне? А мо і ва ўсёй Беларусі?

Уладзімер Бяляўскі