Чацвер, 24 Сакавік 2016

На «Шкловалакне» хочуць пазбавіцца ад прафсаюзнага актывіста

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікалай Шарах Мікалай Шарах

Адміністрацыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» ня хоча працягваць кантракт зь Мікалаем Шарахам, актывістам Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Начальнік цэху №7 Аляксандар Сапега пісьмова (на блянку прадпрыемства) апавясьціў Мікалая аб рашэньні спыніць зь ім працоўныя адносіны з 30 красавіка. За месяц да таго дырэктар заводу спадар Бунакоў і Белхімпрафсаюз адмовіліся ўключыць Мікалая Шараха ў склад камісіі прадпрыемства па калектыўных перамовах.

Шарах Мікалай працуе ў ААТ «Полацак-Шкловалакно» з 1985 году, цяпер зьяўляецца памочнікам майстра ў цэху вытворчасьці шкловалакна, мае дзьве вышэйшыя адукацыі: тэхнічную па профілю працы і юрыдычную.

Што тычыцца грамадзкай дзейнасьці, Мікалай ёсьць намесьнікам старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Да таго ж ён уваходзіць у склад Рады пры Міністэрстве працы па ўдасканаленьні працоўнага заканадаўства. Празь яго юрыдычную дапамогу працаўнікі розных прадпрыемстваў гораду неаднаразова дамагаліся паляпшэньня ўмоваў працы, павышэньня зарплаты. Ён дапамагае скласьці пазовы і прадстаўляе інтарэсы работнікаў у судзе.

У студзені дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў адмовіўся ўключыць Мікалая ў камісію па калектыўных перамовах, чым, на думку сяброў Свабоднага прафсаюзу, парушыў генэральнае пагадненьне ўраду Беларусі з наймальнікамі і прафсаюзамі. Свабодны прафсаюз прадпрыемства запатрабаваў ад дырэктара правядзеньня перамоваў для ўнясеньня зьменаў у калектыўную дамову і ліквідацыі дыскрымінацыі работнікаў за ўдзел у прафсаюзе. Аднак замест выкананьня сваіх забавязаньняў наймальнік цяпер спрабуе пазбавіцца ад прафсаюзнага перамоўніка.

Меркаваньні бакоў працоўных адносін

Мікалай Шарах: «Я ўпэўнены, што нежаданьне наймальніка падаўжаць кантракт - гэта помста за маю прафсаюзную дзейнасьць. Мяне спрабуюць звольніць ужо ня першы раз. Я напісаў на апавяшчэньні начальніка цэха пра сваю нязгоду са спыненьнем працоўных адносін, бо лічу яго намер незаконным. Мне засталося менш за тры гады да 60-ці. Я падрыхтаваў дырэктару свае прапановы. Прапаную дырэктару заключыць новы кантракт да дасягненьня мной пэнсійнага ўзросту. Акрамя таго, я прапаную наймальніку павялічыць мне зарплату за прафэсійнае майстэрства, бо ў мяне 30-гадовы досьвед працы на заводзе і няма дысцыплінарных спагнаньняў за апошні год працы. Я лічу сябе высокакваліфікаваным работнікам, а цяперашні заробак не адпавядае майму працоўнаму ўнёску».

Начальнік цэху Сапега радасна заявіў Мікалаю: «Я ж цябе не звальняю - гэта проста кантракт скончыўся!» Пры гэтым начальнік не хацеў выдаваць Мікалаю Шараху на рукі копію пісьмовага апавяшчэньня, але прафсаюзны актывіст настаяў на сваім і копію ў выніку атрымаў.

Дырэктар Бунакоў пра свой намер у дачыненьні да Мікалая пакуль ніяк не заявіў - ані пісьмова, ані вусна. Пакуль апавяшчэньне пра адмову ў кантракце падпісаў толькі начальнік цэху, і аформлены дакумэнт з парушэньнем нормаў справаводства. Само пісьмовае апавяшчэньне не зарэгістраванае ў ніводным з журналаў аддзелу кадраў прадпрыемства.

Мікалай прапанаваў дырэктару абмеркаваць зьмест новага кантракту з удзелам прадстаўніка Свабоднага прафсаюзу, як таго патрабуе пастанова ўраду.

Згодна з прэзыдэнцкім указам, рабочы і дырэктар павінны пісьмова паведаміць адно аднаму пра свае далейшыя намеры за месяц да заканчэньня тэрміну кантракту.

Звальненьне рабочых заводу «Шкловалакно» ў лічбах і фактах

Сярэднясьпісачная колькасьць працаўнікоў на 3 квартал 2015 года - 3553 работніка

Лічба звальненьня работнікаў з ініцыятывы наймальніка за 2015 год - 158 чалавек, зь якіх:

101 звольненыя за зьяўленьне ў нецьвярозым стане;

41 - за прагулы.

Як лічыць дырэктар, гэта паказчык недастатковай працы кіраўнікоў з пэрсаналам па выкананьні працоўнай дысцыпліны.

Сярэдняя заработная плата па заводзе за 2015 год склала 6 млн. 841 тыс. рублёў - гэта менш, чым сярэдняя зарплата па краіне на прамысловых прадпрыемствах. Паказчык сярэдняй зарплаты на 15% меншы, чымся абяцана рабочым у калектыўнай дамове.

Белхімпрафсаюз прыпыніў дзеяньне 13 пунктаў у калектыўнай дамове.

У калдамове ААТ «Полацак-Шкловалакно» зьмяшчаюцца нормы, якія рабочыя лічаць дыскрымінацыйнымі ў дачыненьні да сяброў Свабоднага прафсаюзу. Цяпер Вярхоўным судом разглядаецца скарга пра дыскрымінацыю ў ААТ «Полацак-Шкловалакно», пададзеная старшынём заводзкай пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу Віктарам Стукавым.

Настроі на прадпрыемстве

Рабочыя заводу, знаёмыя зь Мікалаем, расчараваныя паводзінамі дырэктара, які замест перамоваў з рабочымі спрабуе пазбавіцца ад актывіста рабочага прафсаюзу. Працаўнікі заводу заяўляюць, што апошнім часам пагоршылася маральнае стаўленьне адміністрацыі да рабочых. Начальнікі перасталі рэагаваць на заўвагі і прапановы працоўных, часам стаўленьне начальнікаў да іх проста хамскае. На заводзе часта не хапае запчастак і інструмэнтаў, і сталі эканоміць на ўсім...

Аляксандар Марозаў