«Мяне азнаёмілі з загадам аб звальненні толькі ўчора, 1 лютага, хоць яшчэ раней я зразумеў, што штосьці не так: не пабачыў свайго прозвішча ў раскладзе заняткаў на будучы семестр. Лічу, што гэта несправядліва, тым больш што звальняюць мяне па артыкуле», – сказаў Аляксандр Маісееў.
Аляксандр распавёў, што міліцыянты затрымалі яго 20 студзеня ў Кастрычніцкім РАУС, куды запрасілі для размовы пра бел-чырвона-белыя шторы, якія вісяць на акне ягонай кватэры. Замест размовы супрацоўнікі склалі на мужчыну пратакол паводле арт. 23.34 КаАП (за «несанкцыянаваны пікет») і, калі той не прызнаў сваёй віны, кінулі на 72 гадзіны ў ІЧУ. Менавіта таму ад серады да пятніцы Аляксандр Маісееў адсутнічаў на працоўным месцы і мае пра гэта даведку. Пазней суд Кастрычніцкага раёну прызнаў яго вінаватым (суддзя Уладзімір Царыкаў) і пакараў за БЧБ-фіранкі штрафам у памеры 8 базавых велічынь.
Аб'ектыўныя прычыны сваёй адсутнасці Аляксандр Маісееў выклаў у тлумачальнай цыдулцы кіраўніцтву навучальнай установы. Але станоўчага выніку гэта не мела. Згодна з загадам, ён будзе звольнены 5 лютага.
Мужчына збіраецца абскардзіць рашэнне аб звальненні. На думку праваабаронцаў, яно незаконнае і мае палітычны характар.
Аляксандр Маісееў працуе ў ВДМУ тры гады. Ён выкладае студэнтам агульную стаматалогію.
Зміцер Міраш, фота Севы Стрэльнікава