16 жніўня работнікі ўсёй брыгадай прыйшлі да будынку адміністрацыі прадпрыемства, каб выказаць свае прэтэнзіі кіраўніцтву. Як распавядаюць працаўнікі, яны робяць усё як мае быць і плян выконваюць, а праблемы з заробкам цягнуцца аж ад студзеня. Так, непасрэдны заробак аднаго з працаўнікоў за красавік склаў 16 рублёў 97 капеек.
Аляксей Куц, які ня першы год працуе будаўніком, а ў ЖКГ займаецца рамонтам і пабудовай дахаў, у якасьці асноўнага заробку за месяц атрымаў 67 рублёў. Яму даплачваюць да пражыцьцёвага мінімуму, але гэта ня тыя грошы, на якія можна сёньня жыць. Працоўны, аналізуючы свой разліковы квіток, іранізуе:
– Пэўна, тым ня менш я добра працаваў, бо ёсьць прэмія – 34 рублі, і за майстэрства налічылі 12 рублёў. З прычыны малых заробкаў мы неаднаразова зьвярталіся да нашага кіраўніцтва, але яно толькі абяцае. Ня ведаю, зь якой прычыны, але дырэктары ў нас надоўга не затрымліваюцца. Паўгода папрацуюць, і прыходзіць новы.
– Як людзям выжыць? Я за месяц зарабляю 44 рублі, дык што я на працы тады раблю? Сяджу? А ў каго сям'я, дзеці, крэдыты... Як жыць? Сад, школа – заплаці, – абураецца малады бацька.
– Мы ня ведаем, як нам выжываць у гэтай сытуацыі за гэтыя капейкі. Так немагчыма жыць. Катастрофа поўная. Кіраўніцтва нешта вырашае, нейкія сходы зьбірае, але ад гэтага ніякага толку няма, – дадае працаўніца.
– Вось мой прамы заробак за месяц – 64 рублі 17 капеек. Як пракарміць сям'ю, дзяцей, калі я за інтэрнат плачу 110 рублёў? Так, мне да пражыцьцёвага мінімуму дадаюць, але і на гэтыя грошы ці можна пражыць? Палову за інтэрнат аддаеш, плюс садок, школа. Аб'ёмы працы выконваеш вялікія, ірвеш кішкі, цяжкая праца – падымаць дах. Здаецца, мы павінны зарабляць нармалёва, але ж нічога не атрымліваем. Я ня ведаю, як жыць далей. Вось і ўсё, – разгублена кажа працаўнік.
Дарэйка Леанід, будаўнік са стажам, тлумачыць настроі ў брыгадзе:
– Можна пайсьці да прыватніка, я бачыў абвестку: прымае на працу будаўнікоў, абяцае 25 рублёў штодзённа. Выходзіць, за два дні я перакрыю свой месячны заробак. Мне плацілі па 16 рублёў, 32 рублі, 50 рублёў, 40 рублёў, апошні месяц далі добра – ажно 67 рублёў наўпроставага заробку, здаецца. Прыватнік будзе плаціць 25 рублёў у дзень, вось мы і думаем усёй брыгадай пераходзіць, пэўна, да прыватніка. Маю вялікі досьвед працы: і Маскву будаваў, і Менск будаваў, і дзе я толькі ня быў. І на поўначы быў, і паўсюль быў у пашане! Граматы ёсьць адусюль, і зь Віцебскага сельбуду таксама, што я – адзін з найлепшых працаўнікоў. Досьвед працы – велізарны. У мяне ўжо пэнсія на плячох. Што я магу яшчэ дадаць?
Кіраўнік рамонтна-будаўнічага ўчастку Рыгор Рэйтар кажа, што як працуюць, так і атрымліваюць. А мы, маўляў, аплачваем па расцэнках ЖКГ. Праўда, на прэтэнзію людзей патлумачыць, чаму ў суседніх Бешанковічах працаўнікі падобнай брыгады ЖКГ атрымліваюць у разы болей, ён ня змог.
Людзі зьняверыліся і не спадзяюцца на тое, што ім нехта дапаможа. Але кволая надзея ўсё ж зьявілася: 23 жніўня на сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме актывістка БХД Алена Шабуня распавяла чыноўнікам пра становішча з выплатай заробкаў у Сеньненскай ЖКГ. Неўзабаве прадстаўнікі аблвыканкаму наведалі Сянно, каб на месцы разабрацца з праблемай.
https://viciebskspring.org/news/pravy-pracounykh/item/2892-mizernyya-zarobki-vyklikali-stykhijny-strajk-u-cennenskaj-zhkg#sigProIdfbe62c9b0b
С. Горкі