Пятніца, 20 Ліпень 2018

На Віцебшчыне за месяц звальняюць больш за 8 тысяч працаўнікоў – статыстыка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віцебскі цэнтар занятасьці. Архіўнае фота Віцебскі цэнтар занятасьці. Архіўнае фота

Паводле дакладу “Сацыяльна-эканамічнае становішча Віцебскай вобласьці ў студзені-траўні 2018 году”, толькі ў красавіку гэтага году колькасьць звольненых працаўнікоў дасягнула 8 тыс. 390 чалавек. Гэта на дзьве тысячы чалавек больш, чым уладкаваных на працу.

Амаль ва ўсіх галінах эканомікі колькасьць звольненых, паводле нядаўна апублікаваных дадзеных, перавышае колькасьць уладкаваных на працу. У некаторых сэктарох – у два разы і больш.

Своеасаблівым рэкардсмэнам выступае тут энэргетычная сфэра (“Забесьпячэньне электраэнэргіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам”): 847 звольненых на 176 працаўладкаваных. А таксама “Фінансавая і страхавая дзейнасьць”, дзе суадносіны колькасьці звольненых і працаўладкаваных работнікаў складаюць усяго 12,6%.

  • Фінансавая і страхавая дзейнасьць: 28 чалавек узялі на працу, 222 – звольнілі.
  • Транспарт, склады і пошта: 260 чалавек працаўладкавалі, 433 звольнілі.   
  • Адукацыя: 530 прынятых і 758 звольненых.
  • Ахова здароўя і сацыяльныя паслугі: 559 працаўладкаваных на 840 звольненых.
  • Творчасьць, спорт і адпачынак: 190 на 573 адпаведна.

Выключэньне складаюць хіба што будаўніцтва (573 уладкаваных на 495 звольненых) і сельская (лясная і рыбная) гаспадарка (1459 на 1324 адпаведна).

Згодна з дакладам галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Віцебскай вобласьці, з 8 тыс. 390 звольненых працаўнікоў толькі 173 згубілі працу праз ліквідаваньне арганізацыі альбо скарачэньне штату, апроч таго 372 чалавекі былі звольненыя за парушэньні працоўнай дысцыпліны.

Тры тысячы беспрацоўных на вобласьць?

Як паведамляе ў справаздачы абласная Статыстыка, у эканоміцы вобласьці ў красавіку 2018 году было задзейнічана 488,1 тысяча чалавек. Гэта на 1,2% менш за леташні паказьнік (у красавіку 2017 году ў эканоміцы Віцебшчыны былі занятыя 491,1 тыс. чалавек).    

Між тым, колькасьць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне склала 3,1 тыс. чалавек (на канец траўня), паведамляецца ў дакладзе. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя складае, паводле разьлікаў статыстаў усяго 0,6% ад колькасьці працоўнай сілы (у траўні 2017-га – 1,1%).

Найбольш высокі ўзровень беспрацоўя назіраецца ў Шаркоўшчынскім, Сеньненскім, Лепельскім і Пастаўскім раёнах.

Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўю складаў у траўні 2018 году 27,78 рублі на аднаго чалавека, альбо 13,4% ад бюджэту пражыткавага мінімуму.

Камісіі “па дармаедах” ужо працуюць

Нагадаем таксама, што ў Віцебску ўжо створаныя камісіі па спрыяньні занятасьці насельніцтва (так званыя “камісіі па дармаедах”). Хто канкрэтна ўвайшоў у склад гэтых камісій пакуль што невядома, але прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці туды ня трапілі.

Праваабаронцы папярэджваюць, што камісіі “па дармаедах”маюць занадта вялікія паўнамоцтвы і могуць умешвацца ў прыватнае жыцьцё грамадзян.

Зьміцер Міраш