У кастрычніку 2015 году 2000 рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» два дні сьвярбелі ад шклянога пылу па дарозе з працы дадому праз адсутнасьць вады ў душавых. Але Полацкая інспэкцыя працы адмовілася разглядаць скаргу пра адсутнасьць вады, накіраваную Свабодным прафсаюзам. Дырэктар і дзяржчыноўнікі лічаць такую санітарыю нармальнай, рабочыя ж кажуць: «Гэта поўнае бязьмежжа...»
На скаргу рабочых наконт адсутнасьці вады ў душавых заводу, пададзеную Свабодным прафсаюзам, адказаў галоўны дзяржаўны санітарны лекар гораду Полацку і Полацкага раёну Міхаіл Гурыновіч. Рабочыя прасілі «правесьці праверку і ўстанавіць факт парушэньня наймальнікам санітарных нормаў ды прыцягнуць да адказнасьці вінаватых службовых асобаў».
Эпідэміёлягі не знайшлі парушэньняў
Дзяржчыноўнік піша, што спэцыялістамі праведзеная праверка і выяўлена:
1. Сапраўды, на ААТ «Полацак-Шкловалакно» праводзіліся работы па хляраваньні сеткі пітнога водазабесьпячэньня.
2. У гэты пэрыяд «карыстацца душавымі ў будынку ЦЗЛ не ўяўлялася магчымым, пра што пэрсанал прадпрыемства быў загадзя апавешчаны праз разьмяшчэньне аб'яў на прахадной і ў іншых агульнадаступных месцах».
3. Гэтыя работы праводзяцца на прадпрыемстве ў адпаведнасьці з тэрмінамі і патрабаваньнямі, пазначанымі ў нарматыўных дакумэнтах СанНіП № 69 ад 16.09.2014.
4. На пэрыяд правядзеньня работ па хляраваньні сеткі водазабесьпячэньня працоўныя былі забясьпечаныя пітной бутыляванай вадою.
З гэтага спадар Гурыновіч робіць выснову, што «парушэньняў патрабаваньняў дзейных санітарна-гігіенічных нарматываў адміністрацыяй ААТ “Полацк-Шкловалакно” ня выяўлена». Пры гэтым галоўны дзяржаўны санітарны лекар гораду і раёну не забыўся згадаць пра станоўчыя бакі заводу «Шкловалакно»: «На прадпрыемстве маецца поўны набор санітарна-бытавых памяшканьняў, створаныя ўмовы для арганізацыі гарачага харчаваньня працоўных праз працу аб’ектаў грамадзкага харчаваньня і абсталяваных памяшканьняў для прыёму ежы».
Рабочыя пярэчаць чыноўніку-эпідэміёлягу
Актывіст Свабоднага прафсаюзу Васіль: «Я мяркую, што такім адказам грамадзянін Гурыновіч паказвае сваё нежаданьне прыцягнуць адміністрацыю прадпрыемства да адказнасьці за парушэньне нормаў аховы працы. Ён адкрыта брэша, што рабочых папярэдзілі пра тое, што душ працаваць ня будзе. Напэўна, у яго ў абавязкі ўваходзіць дапамагчы наймальніку адмахнуцца ад патрабаваньняў работнікаў. У будучыні трэба скардзіцца не ў гарадзкія структуры, а адразу ў адміністрацыю прэзыдэнта – мо’ тады брахаць перастануць».
Насамрэч дырэкцыя заводу папярэдзіла рабочых, што ня будзе толькі пітной вады, і выдала рабочым мінэральную ваду ў бутэльках, па паўлітра на работніка. Папярэджаньня пра адсутнасьць вады ў душы не было.
Наймальнік не адказвае за адсутнасьць вады ў душавых
Вядома, на заводзе «Шкловалакно» ёсьць шмат станоўчага: заробак выплачваецца своечасова, ёсьць сталоўкі. Аднак гэта не здымае з адміністрацыі адказнасьці за забесьпячэньне рабочых спраўнымі душавымі пасьля працы. Бо вядзецца пра хімічную вытворчасьць са шкоднымі рэчывамі, зь якіх асаблівы дыскамфорт рабочым прычыняе шкляны пыл, што прыліпае да цела падчас працы і колецца ў розных месцах.
Галоўны дзяржаўны санітарны лекар гораду Міхаіл Гурыновіч сьцьвярджае, што «ў санітарных нормах і правілах адсутнічаюць патрабаваньні, што да абавязковага прыняцьця душа работнікамі па заканчэньні працоўнай зьмены». Аднак у інструкцыі па ахове працы для рабочых заводу чорным па белым напісана, што работнік абавязаны пасьля зьмены прыняць душ.
Выклікае зьдзіўленьне, што такая самая скарга актывістаў Свабоднага прафсаюзу, пададзеная ў інспэкцыю працы, была перанакіраваная таму ж галоўнаму санітарнаму лекару Гурыновічу. Начальнік Полацкага міжраённага аддзелу інспэкцыі працы Андрэй Крыўко паведаміў, што ён не ўпаўнаважаны правяраць санітарныя нормы. Вось калі б рабочыя папрасілі праверыць парушэньне наймальнікам нормаў па ахове працы – тады б прайшла праверка.
Такім чынам, дзяржаўныя чыноўнікі мяркуюць, што наймальнік не абавязаны забясьпечваць працоўных душам, і рабочыя самі павінны шукаць ваду, каб мыцца пасьля працы на хімічных вытворчасьцях.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна