– Мы не выходзім на працу, бо разумеем, што ўказ №222 для нас невыканальны. Тыя, у каго ёсьць дакумэнты, ня ўпэўненыя ў тым, што яны будуць пацьверджаныя. У нас ёсьць мноства парушэньняў у накладных, якія няправільна запоўненыя. Ёсьць вялікі клубок праблем, і ўсялякая адтэрміноўка ў іх разьвязаньні стварае яшчэ большую колькасьць праблем, – заявіла Ірына Яскевіч.
– Як вы ацэньваеце вынікі Форуму прадпрымальнікаў 11 студзеня.
– Хай вынікі Форуму прадпрымальнікаў застануцца ў гісторыі і на сумленьні Анатоля Шумчанкі. Сёньня мы былі ў адміністрацыі Лукашэнкі і ў Міністэрстве фінансаў. Мы гаварылі пра тое, што нам не патрэбныя ні мараторыі, ні адтэрміноўкі. Патрэбнае толькі скасаваньне ўказу №222.
– Якімі шляхамі прадпрымальнікам дамагацца скасаваньня ўказу?
– Я не магу сказаць, што будуць рабіць далей прадпрымальнікі. Але для дробнага бізнэсу ўказ №222 невыканальны. Казаць пра гэта мы будзем усімі даступнымі мэтадамі. Што рабіць прадпрымальнікам? Не выходзіць на працу! Чакаць заканадаўчага дакумэнту з подпісамі, а не тлумачэньняў.
Нагадаем, з 1 студзеня 2016 году беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі ня могуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасьці, увезеныя з краін Мытнага зьвязу, без сэртыфікатаў.
З пачатку студзеня 2016 году на пустуючых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў. Галоўнае патрабаваньне гандляроў – увядзеньне мараторыя на ўказ №222. 11 студзеня ў Менску прайшоў Форум ІП. Яго ўдзельнікі зьвярнуліся да ўладаў з прапановай аб перамовах. Наступнае такое мерапрыемства намечанае на 25 студзеня.
Крыніца: Хартыя'97