Сталася так, што ў дзень, калі Паўла Левінава хацелі адправіць ў ізалятар часовага ўтрыманьня, там дзяжурылі тыя самыя супрацоўнікі, што і 26 сакавіка. Распавёў брат Паўла, Андрэй Левінаў: «Брата прывезьлі ў ІЧУ, ён паказаў накіраваньне на шпіталізацыю, і дзяжурныя супрацоўнікі адмовіліся браць на сябе адказнасьць за ягонае здароўе. Выклікалі хуткую дапамогу, і каля 1-й ночы Паўла адвезьлі ў шпіталь — дарэчы, у той самы, куды ён трапіў паўтара месяца таму. Паклалі ў кардыялягічнае аддзяленьне».

Скаргу Паўла Левінава на пастанову судзьдзі Кастрычніцкага суду Іны Грабоўскай ад 17 красавіка разглядала судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова. Згодна з рашэньнем суду ніжэйшай інстанцыі, праваабаронца прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка ды пакараны 15-цю суткамі арышту.

Наваполацкі суд 26 красавіка адмовіў грамадзяніну Зьмітру Салаўёву ў разглядзе ягонай скаргі на рашэньне гарвыканкаму. Зьміцер мяркуе, што рашэньне мясцовай улады пра месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў і аплату за іх парушае яго права на мірныя сходы.

У сакавіку 2017 году віцебская кааліцыя праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў завяршыла мерапрыемствы па стратэгічным плянаваньні сваёй дзейнасьці да 2020 году. Праваабаронцы распрацавалі і прынялі ў якасьці кіравальнага дакумэнту Стратэгічны плян дзеяньняў і разьвіцьця праваабарончага сэктару Віцебскай вобласьці.

Да полацкага праваабаронцы Юрыя Бельскага 21 красавіка дахаты прыйшлі прадстаўнікі органа апекі і папячыцельства Полацкага райвыканкаму. Гэта яшчэ адно наступства прыцягненьня грамадзкіх актывістаў да адміністрацыйнай адказнасьці па надуманых абставінах у пэрыяд грамадзянскіх акцыяў, якія прайшлі ў краіне.