Паводле Анаіс Марэн, папраўкі, якія ўносяцца ў беларускае заканадаўства, прывялі да рэзкага росту палітычна матываваных пераследаў і прысудаў.
"Адсутнасць адказнасці за парушэнні правоў чалавека спараджае атмасферу страху сярод ахвяр і іх сем'яў", — адзначыла экспертка.
Марэн нагадала, што два гады таму яна папярэджвала СПЧ пра "таталітарны паварот" у Мінску, пра што сведчыла "грэбаванне чалавечым жыццём і годнасцю" падчас падаўлення пратэстаў у 2020 годзе. Больш за 1500 чалавек па-ранейшаму ўтрымліваюцца пад вартай па палітычна матываваных абвінавачваннях. Пачынаючы з 2020 года штодня адбываюцца ў сярэднім па 17 адвольных арыштаў.
"У Беларусі ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці за адвольнае затрыманне дзясяткаў тысяч мірных дэманстрантаў у 2020 годзе, а таксама за гвалт або катаванні, якім падвергліся многія з іх. Гэтая ўсеагульная беспакаранасць і атмасфера страху, якія ўзніклі ў выніку рэпрэсій, вымусілі сотні тысяч беларусаў адправіцца ў выгнанне".
Анаіс Марэн зазначыла, што рэжым Лукашэнкі ў Мінску наўмысна ачышчае грамадзянскую супольнасць ад апошніх галасоў нязгодных:
"Урад Беларусі ўнёс папраўкі ў і без таго абмежавальнае заканадаўства, накіраванае на знішчэнне грамадзянскіх свабод, што прывяло да ўсплёску палітычна матываваных пераследаў і вынясення прысудаў", — адзначыла яна.
Спецдакладчыца ААН таксама заявіла пра адсутнасць адказнасці за парушэнні правоў чалавека, што "спрыяе стварэнню атмасферы страху сярод ахвяр і іх сем'яў".
"У мяне ёсць важкія падставы меркаваць, што ўмовы ўтрымання ў турмах наўмысна становяцца больш жорсткімі для асуджаных па палітычных матывах, змяшчаючы іх у карцэры за дробныя парушэнні турэмных правілаў", — адзначыла Анаіс Марэн.
Таксама яна адзначыла, што ў Беларусі з пераследам сутыкаюцца праваабаронцы. Больш за 1600 "непажаданых арганізацый, уключаючы ўсе незалежныя прафсаюзы, былі распушчаныя".