Пятніца, 17 Красавік 2020

Ня стала праваабаронцы Аляксандра Мікуліна. Яму было 58 гадоў…

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Аляксандар Мікулін Аляксандар Мікулін

Уначы 17 красавіка ў Віцебску заўчасна памёр дэмакратычны актывіст і праваабаронца Аляксандар Мікулін. Яму было 58 гадоў. Ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС, былы міліцыянт, сябра цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і ГА «Гавары праўду» – яго добра ведалі і паплечнікі, і тыя, каму ён, як юрыст, дапамагаў бараніць у судох свае правы.

Пасьля сыходу на пэнсію былы праваахоўнік не задаволіўся спакойным жыцьцём. Ягоная няўрымсьлівая натура, як і раней, прагнула змаганьня за справядлівасьць. Аляксандар Мікулін удзельнічаў у большасьці выбарчых кампаній, але найперш – дапамагаў людзям як праваабаронца.

Кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак адным зь першых адгукнуўся на сьмерць свайго сябра.

«Літаральна пару тыдняў таму размаўлялі, казалі аб мерах бясьпекі, на што Саша адказваў, што і так з дому не выходзіць.

Памёр хутка. Хаваюць яго, як і ўсіх грамадзян, па пэўнай працэдуры.

Той, хто думае, што каронавірус – гэта недзе там, абміне яго – проста не разумее ўсёй небясьпекі, якая навісла над усімі намі», – напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Алег Воўчак.

Блізкі сябра Аляксандра Мікуліна віцяблянін Вадзім Кузьмін таксама зьвяртае ўвагу на гэтую акалічнасьць.

«У больніцу Саша трапіў праз сваё хворае сэрца, але, відаць, падчапіў там пнэўманію – і ўсё. Мяркую, «Гэты» мусіць адказаць і за сьмерць Сашы ў тым ліку. Парад, суботнікі, футбол, хакей – у нас жа ад вірусу не паміраюць. Энэргічны, прыгожы, поўны моцы. Колькі мы зь ім па чарнобыльскіх справах разам пахадзілі па розных кабінэтах! Грамілі нас, палохалі, а ён яшчэ праваабарончай дзейнасьцю займаўся. Колькі ён вытрымаў! Няхай яму зямля будзе пухам», – сказаў Вадзім Кузьмін.

Віцебскі абкам БСДП таксама выказаў глыбокія спачуваньні родным і блізкім Аляксандра Мікуліна ў сувязі з заўчаснай сьмерцю падчас эпідэміі COVID-19.

Праваабарончая супольнасьць Віцебску выказвае глыбокія і шчырыя спачуваньні родным і блізкім Аляксандра Мікуліна. Смуткуем разам з вамі. Балюча…

Аляксандра Мікуліна пахавалі 17 красавіка ў закрытай труне на вясковых могілках у Альгове пад Віцебскам.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.