Панядзелак, 13 Красавік 2020

Праваабаронцы накіравалі Паўла Левінава для працы ў штаб па барацьбе з COVID-19

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Павал Левінаў дапамагае валянтэрам. Фота: facebook.com Павал Левінаў дапамагае валянтэрам. Фота: facebook.com

Простае таварыства «Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» папрасіла ўключыць прадстаўніка камітэту Паўла Левінава ў склад Віцебскага абласнога штабу па барацьбе з распаўсюдам каронавірусу. Чыноўнік Віцебскага аблвыканкаму пакінуў гэтую просьбу «без разгляду па сутнасьці».

6 красавіка Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» прыняў рашэньне накіраваць праваабаронцу Паўла Левінава для ўдзелу ў працы абласнога штабу па барацьбе з распаўсюдам каронавірусу. З гэтай нагоды даслалі ў Віцебскі абласны камітэт электронны зварот з просьбай уключыць кандыдатуру Левінава ў склад штабу.

«Павал Левінаў зладзіў збор сродкаў для прадухіленьня распаўсюду каронавірусу ў Віцебскай вобласьці і па меры магчымасьці забясьпечвае мэдычныя ўстановы вобласьці сродкамі індывідуальнай засьцярогі. Просім тэрмінова паведаміць аб прынятым рашэньні», – гаворыцца ў звароце.

10 красавіка быў атрыманы адказ. Намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Пенін паведаміў, што зварот «быў пакінуты без разгляду па сутнасьці, бо не ўтрымлівае адрас месца жыхарства заяўніка, а таксама да звароту не прыкладзеныя электронныя копіі дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі паўнамоцтвы заяўніка». Чыноўнік спаслаўся пры гэтым на Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».

Сьвецік: Калі адмовяць – будзе створаны грамадзкі штаб

Сябра простага таварыства ГКУПЧ «Правы для ўсіх» праваабаронца Леанід Сьвецік лічыць, што ўлады проста ня хочуць прымаць на гэты конт якога-небудзь рашэньня. Каб не даваць канкрэтнага адказу – прыкрываюцца фармальнымі недахопамі ў звароце.

«Але мы мусім ведаць канкрэтную – «так» ці «не»? – пазыцыю аблвыканкаму, каб разумець, што рабіць далей. Калі «не» і нашага прадстаўніка ня ўключаць у склад афіцыйнага штабу – то ў бліжэйшым будучым будзе створаны грамадзкі штаб па барацьбе з распаўсюдам COVID-19», – паведаміў Левнід Сьвецік.

11 красавіка праваабаронцы Грамадзкага камітэту ўпаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» накіравалі чарговы зварот з просьбай аб разглядзе кандыдатуры Паўла Левінава ў якасьці сябра абласнога штабу па барацьбе з распаўсюдам каронавірусу.

Гэтым разам зварот адрасавалі на імя старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва. Адказу пакуль няма.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.