Серада, 02 Студзень 2019

Павал Левінаў схадзіў на прыём да старшыні аблсавету ў строі Дзеда Мароза

Ацаніць гэты матэрыял
(24 галасоў)
Павал Левінаў - Дзед Мароз. Фота: facebook.com Павал Левінаў - Дзед Мароз. Фота: facebook.com

Праваабаронца Павал Левінаў патрапіў 2 студзеня 2019 году на прыём да старшыні Віцебскага абласнога савету дэпутатаў Уладзімера Цярэнцьева. Перад тым як зайсьці ў кабінэт да чыноўніка, Левінаў пераапрануўся ў Дзеда Мароза. Цярэнцьеў быў уражаны…

Што праўда, далейшая размова праходзіла ў фармаце “без барады” і на поўным сур’ёзе, але на самым пачатку не абмінула каляднай тэматыкі.

На ўсё свой час?..

“Вы сустракалі пазаўчора Новы год. Гэта сьвята рэлігійнае, сьвецкае ці савецкае? Уладзімер Уладзімеравіч, ну трэба ж здымаць ужо з навагодніх ялінак камуністычныя зоркі! У некаторых гарадах вунь вісяць бэтлеемскія зоркі – і нічога ж…” – наракаў Павал Левінаў.

“Скажу сумленна і шчыра – на ўсё свой час. Ня трэба нічога фарсіраваць. Калісьці, памятаеце, гаварылі пра Быкава, а ўжо білборды ставяцца, вуліцы называюцца. А сёньня падымі пытаньне аб перайменаваньні бібліятэкі Леніна, дык ведаем, што зноў уздымецца хваля… На ўсё свой час…” – запэўніў старшыня аблсавету.

“Трэба старым даць дажыць. Каб яны разумелі, што тое, што яны рабілі, было не дарэмна. І сёньня таптацца па іх мінулым – гэта не зусім слушна”, – лічыць Уладзімер Цярэнцьеў.  

Прапанова стварыць камісію абароны правоў грамадзян

Павал Левінаў перадаў Цярэнцьеву зварот з прапановай заснаваць пастаянную камісію Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў па пытаньнях абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, гарантаваных міжнароднымі абавязкамі Рэспублікі Беларусь.

Зараз у аблсавеце дзейнічае пяць пастаянных камісій, але ўсе яны працуюць у іншых накірунках.

“Менавіта ў аблсавеце я бачу тую структуру, дзе прадстаўнікі праваабарончай і грамадзянскай супольнасьцяў змаглі б знайсьці пляцоўку для сумесных дзеяньняў па кантролі за выкананьнем правоў чалавека і хуткім рэагаваньні”, – выказаў сваё бачаньне Павал Левінаў.

Паводле праваабаронцы, Рэспубліка Беларусь зьяўляецца зараз адным зь лідэраў па колькасьці індывідуальных паведамленьняў у КПЧ ААН аб парушэньні правоў і свабод грамадзян, а Віцебская вобласьць “першынствуе” сярод іншых рэгіёнаў краіны.

На думку Паўла Левінава, стварэньне прапанаванай камісіі ў абласным Савеце паспрыяе абароне правоў і свабод грамадзян, а тым самым – паменшыць плынь зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека.

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту мяркуе, што паседжаньні такой камісіі варта было б праводзіць не радзей аднаго разу на квартал. А на паседжаньні запрашаць прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, грамадзянскай супольнасьці, сродкаў масавай інфармацыі і блогасфэры.

Прапанаваў таксама, каб разам з праваабаронцамі і грамадзкімі актывістамі ў аблсавеце было распрацаванае Палажэньне “Аб грамадзкім камітэце па правах чалавека Віцебскай вобласьці”.

“Я магу сказаць толькі адно: я ўважліва вывучу прапанову”, – паабяцаў старшыня Віцебскага абласнога Савету Уладзімер Цярэнцьеў.

Падчас размовы праваабаронца агучыў таксама жыльлёвыя праблемы некаторых шматдзетных маці ў Віцебску, праблемы зямельнага падатку ды іншыя пытаньні.

Зьміцер Міраш, фота: facebook.com