Панядзелак, 03 Верасень 2018

Абласны суд не падтрымаў змаганьне віцебскага праваабаронцы супраць псыхіятраў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Валер Місьнікаў Валер Місьнікаў

30 жніўня судовая калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду ў складзе судзьдзяў Аляксандра Федзюкевіча, Ніны Сазонавай і Натальлі Лях разгледзела скаргу Валера Місьнікава на рашэньне суду Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску ад 23 ліпеня. Справа тычылася пазову праваабаронцы да службовых асобаў Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі (ВАКЦПіН).

На думку пазоўніка, псыхіятры парушылі яго правы і законныя інтарэсы, адмовіўшы ў выдачы адміністрацыйнай даведкі без праходжаньня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (УКК).

З рашэньнем Кастрычніцкага раённага суду (судзьдзя Алеся Жарыкава) Валер Місьнікаў не пагадзіўся і падаў апэляцыйную скаргу, бо перакананы, што здаровы грамадзянін (не пацыент) не павінен праходзіць псыхіятрычны агляд для атрыманьня адміністрацыйнай даведкі. Стаіш на ўліку ў цэнтры – праходзь УКК, не стаіш – выдайце даведку, што я ня ваш пацыент. Пералічыў ў скарзе праваабаронца і шэраг парушэньняў заканадаўства, дапушчаных, на яго думку, райсудом падчас разгляду пазову. У скарзе ён папрасіў рашэньне раённага суду адмяніць і вынесьці новае.

Разгляд скаргі пачаўся з адводу, які праваабаронца заявіў старшыню судовай калегіі Аляксандру Федзюкевічу з прычыны асабістай непрыязнасьці да яго з боку прадстаўніка правасудзьдзя, зь якім ён неаднаразова сутыкаўся ў судовых працэсах. Чальцы судовай калегія адвод разгледзелі, але не задаволілі і працягнулі разгляд справы ў тым самым складзе.

Адно з хадайніцтваў скаржніка было задаволенае. Спадар Місьнікаў запатрабаваў з суду Кастрычніцкага раёну Віцебску матэрыялы крымінальнай справы (2007 – 2014 гг.), фігурантам якой зьяўляўся. У тых матэрыялах зьмяшчаецца дакумэнтальны доказ таго, што ён ня ёсьць пацыентам ВАКЦПіН. А паколькі не пацыент, то і праходзіць мэдычны агляд не павінен, – заявіў праваабаронца, – бо прыйшоў па адміністрацыйную даведку, а не на камісію. Выпіска з крымінальнай справы стала асноўным аргумэнтам скаржніка. Таксама ён спаслаўся на пералік адміністрацыйных працэдур, якія прадугледжваюць выдачу мэдычнай даведкі пра стан здароўя. Для гэтага грамадзяніну неабходна мець толькі пашпарт:

– І ўсё! А мне кажуць: ня пройдзеце агляд – даведку не атрымаеце. Але ж з пункту гледжаньня адміністрацыйнага права я – не пацыент. У нас жа не прымусовая мэдыцына! – эмацыйна выказаўся Валер Місьнікаў.

Разгледзеўшы апэляцыйную скаргу, судовая калегія абласнога суду прыйшла да высновы, што райсуд абгрунтавана адмовіў заяўніку ў задавальненьні ягонага грамадзянскага пазову. Такое рашэньне было пацьверджанае спасылкай на артыкул 33 Закону аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі і пункт 26 Інструкцыі аб парадку зьдзяйсьненьня дыспансэрнага назіраньня (2017 году), якія абавязваюць дзеля атрыманьня даведкі прайсьці мэдычны агляд. Праходзіць жа УКК Валер Місьнікаў адмовіўся і не зьбіраецца.

С. Горкі