Аўторак, 24 Верасень 2013

Павал Левінаў: Выбух каля віцебскага КДБ можа быць правакацыяй уладаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Галоўным аргумэнтам на карысьць абвінавачанай жанчыны зьяўляецца адсутнасьць зразумелага матыву злачынства. Такім чынам віцебскі праваабаронца Павал Левінаў пракамэнтаваў прызнаньне віны падазраванай у зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску. «У гэтым выпадку незразумелы матыў злачынства. Што хацела гэтая жанчына даказаць выбухам, і чым ёй насаліў КДБ? Вядома, што яна была судзімая, але наўрад ці яе судзіў КДБ. У такім выпадку яна павінна была быць пакрыўджаная на пракуратуру, на міліцыю, якая сваімі супрацьпраўнымі дзеяньнямі прычыняла ёй пакуты», - лічыць праваабаронца.

Ён падкрэсьліў, што з самага пачатку неадназначна ставіўся да гэтай гісторыі: «Бо паглядзіце ўважліва, як атрымліваецца. Па выбуху ў менскім мэтро нам таксама спрабавалі сказаць, што гэтыя хлопцы даўно гэтым зараблялі: шкло ў бібліятэцы ўзарвалі, у пад’езьдзе таксама нешта ўзарвалі, і ўсё гэта нейкая падрыхтоўка. Але ні пра якія падрыхтоўчыя дзеяньні гэтай жанчыны мы раней ня чулі. Пра тое, што дзесьці нешта выбухнула, мы ня ведалі. А цяпер кажуць, што яна рыхтавалася і раней нешта рабіла. Але чаму пра гэта не было вядома? А можа быць, гэта менавіта яна ажыцьцявіла тыя выбухі ў Віцебску, якія павесілі на гэтых двух хлопцаў?» - працягнуў Павал Левінаў. Ён адзначыў, што нават Зьміцер Канавалаў на папярэднім сьледзтве ня ўзяў на сябе выбухі ў Віцебску.

«А на раней судзімых людзей супрацоўнікам міліцыі, сьледчым органам, пракуратуры і КДБ лягчэй узьдзейнічаць і лягчэй іх прымушаць. Мне цяжка верыцца ў тое, што выбух зьдзейсьніла гэтая жанчына. З таго моманту мінуў амаль год. Але калі мы вернемся назад, то ўспомнім, што гэта быў час, калі нехта зноў быў не задаволены КДБ, і яму трэба было выплыць наверх і засьвяціцца. Таму я не выключаю той магчымасьці, што гэта была правакацыя, ажыцьцёўленая самой жа ўладай», - сказаў праваабаронца.

Ён дадаў, што мясцовыя жыхары заўсёды абураліся тым, што ў парку каля будынку заўсёды гарэлі ліхтары і прычынялі ім нязручнасьці. «Але за тыдзень да выбуху яны былі патушаныя, і была проста апраметная цемра, у якой быў зьдзейсьнены выбух. Таму такія дробныя дэталі наводзяць на смутныя сумненьні. Тым больш, што ўсё пакрыта таямніцай і амаль няма інфармацыі. Трэба было зрабіць усё адкрыта: публікаваць дакумэнты, даваць інтэрвію не агульнымі, а канкрэтнымі фразамі, каб зьніклі ўсе падставы ў чымсьці сумнявацца. Але, як і па справе Андрэя Гайдукова, так і па справе аб выбуху каля КДБ, нічога не зразумела. Таму ўзьнікаюць розныя здагадкі і падазрэньні», - сказаў на заканчэньне Павал Левінаў.

Нагадаем, абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску прызнала сваю віну ў судзе.

Крыніца: Хартыя'97