Чацвер, 26 Верасень 2013

Правакацыя супраць праваабаронцы Паўла Левінава ў сетцы «Укантакце»?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

У сацыяльнай сетцы «Укантакце» кіпяць жарсьці. Ад імя праваабаронцы Паўла Левінава распаўсюджваюцца абразьлівыя матэрыялы супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці, вядомых у Віцебску. Сам Павал Левінаў сьцьвярджае, што ён ня мае ніякага дачыненьня да старонкі ў «Укантакце», створанай ад яго імя, і выказвае меркаваньне, што гэта нейкая правакацыя.

Яшчэ нядаўна на старонцы «Паўла Левінава» па адрасе vk.com/id164498091 можна было пабачыць відэа, на якім праваабаронца нібыта ладзіць адзіночны пікет з патрабаваньнем «Свабоду папугаям!». Відэа зьявілася неўзабаве пасьля таго, як споўнілася 2 гады з моманту заключэньня пад варту праваабаронцы Алеся Бяляцкага, і лёзунг «Свабоду папугаям!» замест «Свабоду палітвязьням!» успрымаецца як зьдзек.

Пасьля зьявіўся зьняважлівы нарыс супраць кіраўніцы кампаніі «Наш дом» Вольгі Карач, якая напярэдадні заявіла пра тое, што, магчыма, будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Варта адзначыць, што Павал Левінаў таксама зьяўляецца ўдзельнікам кампаніі «Наш дом». Згаданыя матэрыялы ўжо выдаленыя са старонкі «Укантакце», але ўсё яшчэ захоўваюцца ў кэшы пошукавых сыстэм.

Зьвяртаючыся да будучага кандыдата ў прэзыдэнты «Павал Левінаў» напісаў: «Думаецца мне, Оля, ты магла б шмат цікавага і пазнавальнага распавесьці грамадзянам і пра сябе, і пра сваіх хваленых актывістаў. Ну, напрыклад, пра змагара за справядлівасьць, дарэчы, менчука, Уладзімера Сяргеева. Такое ўражаньне, што ты ўзваліла на яго плечы ўсе клопаты аб забесьпячэньні фінансамі.

Бо выдаткаў, мяркуючы па роліках ў інтэрнэце, істотна дадалося. Яшчэ б, чаго вартыя толькі твае «вультрамодная» завівачка а-ля 60-я і тынкоўка фэйсу ( трэба адпавядаць, бо жывеш у Эўропе, так?). Утрыманьне ўсяго сямейства і сяброў у заходніх краінах відавочна выліваецца ў кругленькую суму, дый катаньне на кані па летувіскіх лугох наўрад ці бясплатнае задавальненьне. Але ж ёсьць яшчэ праекты, сэмінары, акцыі…

Няўжо мусіў Валодзя вазіць у Летуву цыгарэткі , а назад – алькаголь, покрыўкі, дэталі для машыны і іншыя падобныя прыбамбасы, каб на прыбытак ад гэтакага вось бізнэсу аплачваць твае прыхамаці? Ведаеш, Вольга, нездарма той казаў “хцівасьць фраера загубіць”, бо гэтак і атрымалася. Ці то твая сквапнасьць, ці то ты сама прымусілі перайсьці Сяргеева на іншы ўзровень вядзеньня гандлю, калі ён стаў увозіць у Летуву буйныя партыі цыгарэт. За гэта ён, як ты памятаеш, быў прыцягнуты да адказнасьці летувіскім судом.

Чаму б табе, дарагая, не распавесьці пра гэтую характэрную гісторыю народу, каб усе зразумелі, нарэшце, ад якой менавіта “грамадзянскай” дзейнасьці табе капаюць грошыкі? Па-мойму, выдатная ідэя: наведвальнасьць інтэрнэт-рэсурсаў павялічыцца ў сто разоў! Уяві толькі, які посьпех, і ня важна, якім спосабам, бо чорны піяр – таксама піяр, дык што не хвалюйся».

Запіс, зьвернуты да магчымага кандыдата ў прэзыдэнты Вольгі Карач цяпер, здаецца, стаў не актуальны і быў выдалены аўтарам. Затое пад прыцэл «Паўла Левінава» трапіў Сяргей Рыжоў, лідэр незарэгістраванай партыі «Белая Русь», імя якога апошнім часам часта згадвалася ў мэдыях як змагара за правы надоечы вызваленага з вар’ятні доктара Ігара Пастнова. Згодна з апублікаваным у сацыяльнай сетцы «дакумэнтам», Сяргей Рыжоў нібыта зьяўляецца хранічным алькаголікам.

Хто стаіць за старонкай «Паўла Левінава» «Укантакце», і якімі матывамі кіруецца аўтар гэтай старонкі, – у цяперашні час, вядома, даведацца немагчыма. Застаецца толькі чакаць, што калі-небудзь у краіне адбудуцца перамены, люстрацыя стане непазьбежнай ды тады ўсё тайнае станецца яўным…