Заяву ў суд аб замене пакарання на больш жорсткае ў дачыненні Ігара Банцэра падала адміністрацыя папраўчай установы. Музыку абвінавацілі ў парушэнні правілаў адбыцця пакарання. А менавіта ў тым, што палітвязень на некалькі хвілін спазніўся на адбой, быў непаголены і г.д.
Першапачаткова суд меўся адбыцца 23 верасня ў памяшканні суду Чыгуначнага раёну Віцебску. Але суддзя Дзяніс Аляксеенка прыняў рашэнне правесці выязное пасяджэнне ў папраўчай установе. На працэс збіралася прыйсці шмат людзей, некаторыя прыехалі нават з іншых гарадоў. Напэўна, гэта і паўплывала на рашэнне суддзі правесці паседжанне, па сутнасці, у закрытым рэжыме. На пачатку працэсу Банцэр папрасіў даць яму адваката і суддзя перанёс паседжанне на 29 верасня.
У выніку ў сераду 29 верасня суд вырашыў змяніць Ігару Банцэру ўмовы адбыцця пакарання на больш жорсткія: 1 месяц і 25 дзён палітвязень будзе адбываць у калоніі агульнага рэжыму. Пасля суду музыку змясцілі ў віцебскі СІЗА-2.
Музыкант Ігар Банцэр быў асуджаны 19 сакавіка на паўтара года «хіміі». На судзе віны не прызнаў. Падчас следства 5 месяцаў правёў у гарадзенскім следчым ізалятары. Адбываў пакаранне на «хіміі» ў Віцебску ад 17 чэрвеня. Мужчына 40 сутак правёў у штрафным ізалятары, некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі. Паводле ягоных слоў, у яго была магчымасць з'ехаць з краіны, але ён вырашыў застацца.
Віталь Емяльянаў