Паводле звестак, атрыманых з адкрытых крыніц, у Беларусі 37 ПУАТ І ЛПП (лячэбна-працоўных прафілакторыяў). У Віцебску папраўчых устаноў адкрытага тыпу – тры: №9 – на вуліцы 3-я Чэпінская, 39, №10 (жаночая) – на вуліцы Базавай,17 і №11 – на вуліцы Цітова,121.
Ліквідавалі пакой для спатканняў
Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны падтрымлівае камунікацыю не толькі з віцебскімі «хімікамі», але і са зняволенымі ў іншых рэгіёнах Беларусі. Дапамагае некаторым і маральна, і матэрыяльна.
Жамчужны кажа, што з узмацненнем рэпрэсій у дачыненні да «палітычных» зняволеных, якія накіроўваюцца на «хімію», пачалі змяняцца і ўмовы ўтрымання ў адкрытых установах. Калі раней на чэпінскай «хіміі» быў, напрыклад, пакой для спатканняў і людзі мелі магчымасць сустрэцца з блізкімі і роднымі, то цяпер такі пакой ліквідавалі.
У выпадку, калі асуджаны не стаіць на прафілактычным уліку, ён, з дазволу адміністрацыі, на 4 гадзіны можа выйсці ў горад з сямейнікамі.
Людзі не могуць нармальна харчавацца
Харчуюцца «хімікі» за свой кошт, а гэта, мяркуе Жамчужны, рычаг ціску на асуджаных. Асабліва на тых, у каго няма падтрымкі з волі і грошай у абрэз. У такіх цяжкіх сітуацыях былі выпадкі, калі адміністрацыя прапаноўвала некалькі пакуначкаў «Ролтану» ў якасці дапамогі. Пры гэтым пратэрміноўка ці няпоўная аплата камунальных паслуг за ўтрыманне бярэцца на кантроль і можа стаць падставай для спагнанняў.
«Па маіх звестках, на Чэпіна ўтрымліваецца крыху больш за 100 чалавек, і 45 з іх знаходзіцца на прафілактычным уліку, то бок амаль палове «хімікаў» забараняецца выходзіць у горад без суправаджэння міліцыі. Дазваляецца толькі набыццё прадуктаў пад кантролем «атрадніка», якога не так проста бывае адшукаць: ствараецца ўражанне, што ён хаваецца ад асуджаных. Па сутнасці, гэта форма рэпрэсіяў, бо людзей пазбаўляюць магчымасці паўнавартасна харчавацца. Гэткім чынам прыгнятаецца воля і пратэставыя настроі сярод «хімікаў», – кажа Жамчужны.
Міхаіл Жамчужны
За заробак «хімікаў» жыць немагчыма
Працуюць асуджаныя 6 дзён на тыдзень, часам больш за 8 гадзін на дзень. Заробкі мізэрныя. У асуджаных, якія плацяць аліменты, з заробку могуць пакінуць суму, роўную пражыткаваму мінімуму: 136 рублёў 60 капеек. З гэтых грошай яны аплачваюць утрыманне ў камендатуры, праезд на працу і з працы, харчаванне.
У адрозненні ад «зоны», у ПУАТ зняволеных нічым не забяспечваюць, акрамя пасцельнай бялізны. Плата за сацыяльныя паслугі складае ўлетку 18-20 рублёў, у ацяпляльны сезон – 55 рублёў на чалавека за месяц.
«За такія грошы пражыць немагчыма, таму зразумела, што «хімікі» маюць патрэбу ў дапамозе. Ведаю, што ў ПУАТ №17 людзей звальняюць з добрых працоўных месцаў на будоўлі і прымусова пераводзяць вучнямі на «Гомсельмаш» – з мізэрнай платай за працу. Пра якое харчаванне і стварэнне сацыяльных умоваў можна казаць у такіх выпадках?» – задае рытарычнае пытанне былы палітвязень.
4 спраўныя ўнітазы на ўсю чэпінскую «хімію»
Вялікай праблемай з’яўляецца доступ да санітарна-гігіенічных паслугаў. Пасцельныя прыналежнасці мяняюць недзе раз на тры-чатыры тыдні. Памыць – праблема. Пры гэтым адсутнічае вольны доступ да вяровак для бялізны, доступ да сушылкі абмежаваны.
На віцебскай «хіміі» на вуліцы Чэпіна ўсяго 4 спраўныя ўнітазы, 25 чалавек на адзін унітаз атрымліваецца. Гарачая вада – толькі ў адным душы.
«Усё – з дазволу адміністрацыі»
Як кажуць зняволеныя, галоўнае і непарушнае правіла на «хіміі» – «усё – толькі з дазволу адміністрацыі». Падставаў на свабодны выхад у горад, на сустрэчу са сваякамі, на кароткатэрміновыя адпачынкі адміністрацыя звычайна не бачыць. Выключэнні ёсць, але яны толькі падкрэсліваюць агульнае правіла.
Негалоснай дамовай з'яўляецца ўзаемнае неўмяшанне. Калі «хімікі» не задаюць лішніх пытанняў і не ствараюць клопатаў адміністрацыі, то і супрацоўнікі ўстановы не шукаюць падставаў, каб прычапіцца да асуджаных.
Умоўна-датэрміновага вызвалення на віцебскай «хіміі» №9 наагул не практыкуецца
«Бывае, асуджаныя за свой кошт і фарбу набываюць»
«Навошта ствараюцца такія нецывілізаваныя ўмовы ўтрымання? З аднаго боку, гэта эканомія бюджэтных сродкаў. З іншага – ашчаджаныя сродкі могуць пайсці ў кішэню адміністрацыі. Дарэчы, сродкі ідуць і з дзяржбюджэту, і з Еўропы - як гуманітарная дапамога. Я сам асабіста назіраў, як дапамога па лініі «Чырвонага крыжа» ў месцах пазбаўлення волі прадавалася за наяўныя грошы асуджаным праз гандлёвыя кропкі.
Ведаю, што дзеля эканоміі пры рамонце ў папраўчых установах выкарыстоўваюць тую ж выбракаваную плітку з «Кераміну». Бывае, асуджаныя за свой кошт і фарбу набываюць», – кажа Жамчужны.
Умовы больш жорсткія, чым на «зонах»
Міхаіл Жамчужны, з улікам свайго досведу знаходжання ў беларускіх калоніях і турмах, кажа, што ўмовы ўтрымання ў ПУАТ нават больш жорсткія, чым у калоніях. Калі на зонах асуджаных забяспечваюць трохразовым харчаваннем і санітарна-гігіенічным абслугоўваннем і ёсць умовы заняцца спортам, то «хімікам» трэба разлічваць выключна на сябе.
Дапамогі звонку амаль няма. Умовы нэндзы ламаюць і дэфармуюць псіхіку асуджаных. Адбітак застаецца на ўсё жыццё.
Ян Ластаўка