Паседжаньне суду па справе Сяргея Рыжова, якое адбылося ў актавай залі Магілёўскай папраўчай калёніі №15, праходзіла ў закрытым рэжыме. У залю не пусьцілі нават маці зьняволенага, 78-гадовую жанчыну, інваліда другой групы.
На паседжаньне суду ледзь пасьпеў і віцебскі адвакат Аляксандар Сафонаў, таму што, толькі прыехаўшы ў будынак суду, даведаўся, што паседжаньне зьнячэўку зрабілі выязным.
Як сьцьвярджае Ігар Пастноў, Сяргея Рыжова амаль год пратрымалі ў штрафным ізалятары, аднак так і не змаглі зламаць.
Паводле інфармацыі адваката, за Сяргеем Рыжовым лічацца пераважна дробныя парушэньні, кшталту няправільна засланага ложка ці адмовы павітацца. Але, паводле Ігара Пастнова, зьняволенага сталі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці пасьля таго, як ён паведаміў сваёй маці пра пагрозы яму фізычнай расправай і перадаў інфармацыю пра адсутнасьць мэдычнага абслугоўваньня і сьмяротнасьць у папраўчай калёніі. Як распавёў той жа Ігар Пастноў, адміністрацыя калёніі абяцала Сяргею Рыжову не перадаваць справу ў суд пры ўмове, што яго маці адмовіцца ад скаргі, напісанай пры канцы мінулага году.
Нагадаем, жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў зьяўляецца заснавальнікам незарэгістраванай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь». У 2010 годзе ён прэтэндаваў стаць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, але зьняў сваю кандыдатуру праз недастатковую колькасьць подпісаў у сваю падтрымку. У красавіку 2014 году быў асуджаны на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі строгага рэжыму за хуліганства і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару. Паплечнікі Сяргея Рыжова ўпэўненыя, што крымінальная справа супраць яго была сфабрыкаваная.