Падпісанты пэтыцыі патрабуюць «перагледзець сфабрыкаваныя справы кандыдата ў кандыдаты ў прэзыдэнта Сяргея Рыжова».
За хуліганства і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару больш за год таму Сяргей Рыжоў атрымаў тэрмін. Паводле прыгавору Першамайскага суду Віцебску палітык адбывае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі №15, якая знаходзіцца ў Магілёве. Яму далі 6,5 году.
Паводле інфармацыі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у цяперашні час віцебскі палітык мае 27 нязьнятых і непагашаных спагнаньняў за наўмысна дапушчаныя парушэньні Правілаў унутранага распарадку папраўчай установы. Паводле сьцьвярджэньня першага намесьніка начальніка ДВП РБ Івана Мысьліцкага, абгрунтаванасьць і законнасьць накладзеных на Рыжова спагнаньняў былі правераныя, і з боку супрацоўнікаў ПК № 15 г. Магілёва парушэньняў крымінальна-выканаўчага заканадаўства ня выяўлена.
А пакуль віцебскі палітык нясе ўсе нягоды адбыцьця крымінальнага пакараньня. Кіраўніцтва калёніі неаднаразова выдварала Рыжова ў штрафны ізалятар, яму адмовілі ў пераводзе ў ПК №3 (пасёлак Віцьба), якая знаходзіцца ў Віцебскім раёне, не далі згоды на кароткатэрміновае спатканьне з Пастновым, бо паміж імі няма роднасных сувязяў.
У сваіх лістох на волю Рыжоў неаднаразова скардзіўся на перадузятае да яго стаўленьне з боку работнікаў калёніі, паведамляў пра пагрозы фізычнага гвалту над ім, пра грубае і прыніжаючае яго гонар і годнасьць стаўленьне пэрсаналу ўстановы. Аднак праверкі, праведзеныя рознымі пракурорскімі інстанцыямі, ня выявілі фактаў, якія пацьвярджаюць гэтыя паведамленьні Рыжова.
Вяртаючыся да пэтыцыі, трэба адзначыць, што беларуская грамадзкасьць ня надта цікавіцца акалічнасьцямі справы і лёсам апазыцыйнага палітыка. За 2 месяцы існаваньня пэтыцыі яе падпісалі толькі 20 чалавек... Але калі хтосьці, зыходзячы зь меркаваньняў гуманнага стаўленьня да зьняволенага, мае ахвоту падтрымаць пэтыцыю пра перагляд справы Сяргея Рыжова ў Вярхоўным судзе, ён можа зрабіць гэта, зайшоўшы на старонку на сайце change.org.
Лявон Яфрэменка