Аўторак, 23 Верасень 2025

Вячаслаў Лазараў: “Мяне затрымалі ў фірмовай майцы “Белсата”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Відэаператар-фрылансер  Вячаслаў Лазараў стаў адным з 52 памілаваных вязняў беларускіх турмаў, якіх 11 верасня вызвалілі і  дэпартавалі на тэрыторыю Літвы 11 верасня. БАЖ пагутарыў з былым палітзняволеным журналістам пра турэмныя нягоды, нечаканае вызваленне і далейшыя планы.

Дзень затрымання 9 лютага 2023 года Вячаслаў запомніў такім:

Для мяне гэта быў дзень беганіны. Спачатку зрабіў даведку для сваёй васьмімесячнай дачкі. Затым заскочыў да маці, сам я жыў на здымнай кватэры. Маці выйшла да суседкі па справах, дзверы кватэры былі проста прычыненыя. І тут чую грукат — урываецца міліцыя, мяне кідаюць на падлогу, на рукі адзяваюць кайданкі, ботам па галаве. Запатрабавалі пароль ад тэлефона, але я адмовіўся даваць. А тут яшчэ перагукнулася старая гісторыя, неяк «Белсат» уручыў супрацоўнікам фірмовыя майкі з лагатыпам. Якраз у гэтай майцы я і быў. У ёй мяне і павезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Там узялі  першыя паказанні, распранулі да майткоў і майкі — і ў такім выглядзе кінулі ў адстойнік. Іншыя сядзельцы абурыліся: як так, зіма, а вы чалавека голага пакінулі. Дык ім сказалі, што я сам адмовіўся, маўляў

Потым Вячаслава Лазарава адвезлі ў ІЧУ. Там было ўсё, як і з іншымі “палітычнымі” -матрацы  не выдаюць, штоноч будзяць некалькі разоў — праз кожныя пару гадзін. Праз 72 гадзіны журналіста перавялі ў следчы ізалятар - віцебскі СІЗА-2.Там ён правёў 9 месяцаў. Першыя 5 яшчэ была заўважная нейкая актыўнасць - яго хаця б выклікалі на допыта, апошнія 4 - поўная цішыня. Але ў ягонай справе аказалася ажно цэлых 8 тамоў, расказвае Вячаслаў:

Яшчэ да суда прыходзіць да мяне чалавек, кладзе перада мной восем тамоў і кажа, што трэба азнаёміцца за пару гадзін. А гэта фізічна немагчыма. Я адмовіўся —былі пагрозы, калі не падпішу, то ён мяне паб’е. Усё гэта чуў адвакат. У выніку ён за мяне і паставіў подпіс, маўляў, я быццам зусім адмовіўся ад разгляду сваёй справы. Той, хто павінен быў ахоўваць мае правы, наадварот іх парушаў. Да суда адваката мне знайсці не ўдалося, удзел у палітычных справах нясе для іх небяспеку. У выніку ўсё ж адзін адвакат знайшоўся, выбудаваў граматную абарону, але суд проста ігнараваў усе ягоныя довады — адваката проста не заўважалі.

Падчас знаходжання ў СІЗА журналіст даведаўся, што па той самай крымінальнай справе затрыманая ягоная жонка, а дачку, якой толькі споўніўся 1 год, спярша забралі пад апеку дзяржавы. Толькі потым яе змаглі забраць сваякі. Судзілі сямейную пару разам.

Каб абараніць жонку, я выгароджваў яе і ўсё браў на сябе.Спадзяваўся, што яе адпусцяць. Але-не, да самага суду, 4 месяцы, яе пратрымалі ў СІЗА. Суд, які пачаўся ў верасні, быў самым сапраўдным здзекам. Канешне, ён праходзіў за зачыненымі дзвярыма і парушэнняў было мора.Нас з жонкай судзілі разам, і сядзелі мы побач. Аднак перамаўляцца нам забаранялі і пры любой спробе загаварыць абрывалі. Мы спрабавалі нават абменьвацца запіскамі, дык іх тут жа забіралі. Парай слоў удалося перакінуцца ў машыне, калі нас везлі з СІЗА на суд. І то гэта была выпадковасць, можна сказаць. На апошнім судовым пасяджэнні перад прысудам выклікалі сведкаў, сярод іх была мая маці. Ёй 78 гадоў, яна мае інваліднасць, і ўвесь час спрабавала вачамі знайсці мяне. Я бачыў яе разгубленасць і хацеў хоць сваім выглядам падтрымаць яе, паказаць, што не ўсё дрэнна. Я нават не чуў, што кажуць суддзі, перажываў за стан маці.А калі абвясцілі прысуд, я нават не адразу змог усвядоміць: як можна даваць такія дзікія тэрміны ні за што”, - згадвае Вячаслаў.

У калоніі ўсё пачалося з запалохванняў.

Выклікаюць мяне на гутарку з начальнікам лагера, на так званыя «хрысціны». Там пачынаецца сапраўдны цырк. Называюся па-беларуску: прозвішча, артыкул і гэтак далей. Мяне выводзяць і заводзяць зноў — і так разоў пяць.Потым кажа: дык што, ты працаваў на «Белсаце»? «Глядзі, у нас беляць дрэвы, апырскваюць іх рознымі хімікатамі, яны могуць і на тваю галаву трапіць, аслепнеш». І тут жа мяне адпраўляюць у штрафны ізалятар за падняты каўнер.Самыя цяжкія моманты ў калоніі, бадай, — гэта зіма і ШІЗА. Людзі спяць без матрацаў, вакол цвіль, вокны — што ёсць, што іх няма. Адзінае цёплае месца — каля батарэі, адыходзіш на паўметра і проста замярзаеш. Максімум можна 20–30 хвілін падрамаць, пасля трэба рабіць фізічныя практыкаванні.

У калоніі часта выкарыстоўваюцца правакацыі супраць палітычных. Прычым актыўнічае не столькі міліцыя, колькі самі зэкі, і іх досыць многа. Крый Божа, сказаў нешта неасцярожнае — тут жа даносяць. За першыя паўгода агулам у ШІЗА я адседзеў сутак 80.

Пра тое, як Вячаславу Лазараву давялося працаваць у калоніі за 11 рублёў у месяц, пра тое, як сустрэўся за кратамі з Аляксандрам Фядутам і Аедрэем Паротнікавым, як нечакана журналіст даведаўся пра сваё вызваленне, хаця прашэння аб памілаванні ён не пісаў, пожна прачытаць ТУТ