Супраць 62-гадовай Людмілы Барэйкі ў Беларусі была распачатая спецвытворчасць паводле арт.188 Крымінальнага Кодэкса (Паклёп). Санкцыі артыкула прадугледжваюць абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
У сакавіку 2020 года Людміла Барэйка дала інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, які завітаў тады ў Глыбокае. Менавіта там яна прыгадала казку Карнея Чукоўскага «Тараканішча» пра таракана, які ўсіх трымаў у страху. Але высветлілася, што яго можна проста расціснуць. Гэта відэа на канале «Краіна для жыцця» паглядзелі амаль 1,6 млн чалавек. «Стоп таракан!» стаў лозунгам палітычнай кампаніі Ціханоўскага. Ён заклікаў прыходзіць на пікеты з тапкамі – знакам гатоўнасці «прышлёпнуць таракана».
19-гадовага Мікіту Чыжэўскага суд Полацка і Полацкага раёна прызнаў вінаватым паводле арт. 341 Крымінальнага Кодэкса ( Апаганьванне будынкаў або іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або выявамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). У чым канкрэтна звінавацілі хлопца, невядома.
Ягоны зямляк 54-гадовы Васіль Марэцкі асуджаны судом Полацка і Полацкага раёна паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага Кодэкса (публічная абраза прэзідэнта РБ). Вядома, што ягоную справу з 28 лютага па сакавіка разглядаў суддзя Андрэй Дзергачоў, а 7 траўня ў Віцебскім абласным судзе разбіралі касацыйную скаргу асуджанага. Рашэнне суду пакуль не вядомае, яе і прычына судовага пераследу. Найчасцей паводле гэтага артыкула караюць за каментары ў інтэрнэце.
Жыхару Шаркаўшчыны Сяргею Голубу – 23 гады. Ён ураджэнец Шаркаўшчыны, але быў асуджаны мінскім судом Кастрычніцкага раёна. Падчас навучання ў школе ён быў у ліку пераможцаў раэспабліканскай школьнай алімпіяды па грамадазнаўстве. За ўдзел у мірных пратэстах 2020г. хлопца прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).
Раман Шчэрба