Працоўная група выносіць рашэнні ў справах аб адвольным затрыманні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманне чалавека міжнародна-праўным абавязанням дзяржавы. У групу ўваходзяць пяць юрыстаў з розных краін. Калі затрыманне чалавека прызнана незаконным, Працоўная група заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
Джарэд Генсэр, галоўны міжнародны адвакат Бяляцкага, які працуе на грамадскай аснове, — аўтар кнігі «Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях: каментары і кіраўніцтва да практыкі». За сваю кар’еру ён перадаў у Працоўную групу 50 справаў. Вядома, што ён ніколі не прайграваў. Каментуючы падачу петыцыі ў справе Алеся Бяляцкага Працоўнай групе, Генсэр адзначыў:
«Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Алеся Бяляцкага, які цягам дзесяцігодздзяў нястомна змагаўся за правы чалавека, дэмакратыю і абарону грамадзянскай прасторы ў Беларусі. Яго выпадак сімвалізуе страх, які беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка адчувае перад сваім народам, а таксама тое, як сістэматычна ён абезгалоўлівае кожную рэальную або ўяўную пагрозу свайму праўленню. Гэты пэрыяд тэрору паказвае баязлівасць Лукашэнкі і яго глыбокую слабасць. Ён, несумненна, баіцца свайго народу. Мы не здамося, пакуль Алесь і ўсе палітвязні не будуць вызваленыя».
У прэсавым рэлізе Міжнародная юрыдычная група Алеся Бяляцкага пералічыла аргумэнты юрыдычнага і палітычнага характару:
- Бяляцкі быў арыштаваны 14 ліпеня 2021 году, калі ішлі «масавыя беспрэцэдэнтныя рэйды і затрыманні прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці». Таксама былі затрыманыя некалькі іншых праваабаронцаў.
- Спачатку яго абвінаваціў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і змясціў пад варту на працяглы тэрмін пракурор, а не судздзя, што яўна парушае міжнароднае права.
- Пазней падатковыя абвінавачанні знялі і выставілі Бяляцкаму абвінавачанне ў кантрабандзе і фінансаваньні групавой дзейнасці, якая груба парушала грамадскі парадак.
- З самага пачатку абвінавачванні былі накіраваныя на ўмяшанне ў ягоныя правы на свабоду слова і асацыяцый. Цалкам ігнаруючы прэзумпцыю невінаватасці, падкантрольныя дзяржаве СМІ і сам Лукашэнка публічна прызнавалі Бяляцкага вінаватым.
- Бяляцкага пратрымалі без якіх-небудзь юрыдычных падставаў 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, сам працэс быў азмрочаны абуральнымі парушэннямі належнай праўнай працэдуры.
Напрыклад, падчас расследаванняў было апытана каля 100 сведкаў, аднак на суд прыйшлі толькі нямногія. Астатніх суд вызваліў ад асабістай яўкі і проста зачытаў іхнія паказанні падчас следства, пазбавіўшы Бяляцкага магчымасці перакрыжаванага допыту.
Больш за тое, на працягу ўсяго працэсу Бяляцкага трымалі ў кайданках і прымушалі сядзець у клетцы за металічнымі кратамі, а не за сталом са сваім адвакатам, пазбаўляючы яго як доступу да адваката, так і прэзумпцыі невінаватасці.