«Народная Грамада» заклікала беларусаў замежжа «да правядзення акцый салідарнасці з палітвязнямі Беларусі каля будынкаў палітычных сілаў краіны знаходжання з мэтай перадачы закліку каманды Мікалая Статкевіча партыі «Народная грамада». Партыйцы звяртаюцца і да праваабарончых арганізацый з просьбай « праявіць салідарнасць, заклікаць да неабходнасці вызвалення ўсіх, хто незаконна ўтрымліваецца рэжымам і давесці рэальную сітуацыю аб пагрозе для людзей, якія знаходзяцца ў турмах».
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020г. і асуджаны да 14 гадоў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Адбываць пакаранне палітыка скіравалі ў Глыбоцкую калонію, дзе адміністрацыя прыктычна адразу паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму. 4 лістапада 2022 г. МУС уключыла Мікалая Статкевіча ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Ужо амаль 9 месяцаў, як жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч не атрымлівае ад яго лістоў. На яе звароты з ПК № 13 прыходзяць толькі адпіскі пра тое, што палітвязню «перапіска не забаронена».
«290 дзён. Цэлае жыццё. Вельмі цяжка», -- піша Марына Адамовіч у Фэйсбуку.
Андрэй Вакар