Палітзняволеных можна падтрымаць сапраўдным падарункам — пасылкай з ласункамі ды прыемнай драбязой. Такі спосаб актуальны для вязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА і прысуд у дачыненні да якіх не уступіў у законную сілу. У пасылку можна класці тое ж, што і ў перадачу, толькі дадаць вопіс-пералік у адвольнай форме. Узгадняць пасылкі з роднымі палітвязня не трэба, але, калі ёсць сувязь, то можна дазнацца пра тое, што любіць чалавек.
Колькасць і вагавыя абмежаванні для пасылак не вызначаныя — толькі тыя, што вам паведамяць на пошце. Але ёсць выключэнне для вязняў, якія знаходзяцца ў берасцейскім СІЗА-7 і для некаторых вязняў баранавіцкага СІЗА-6. Адміністрацыя гэтых ізалятараў залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач. У Берасці гэтыя абмежаванні тычацца амаль усіх палітвязняў, а ў Баранавічах — толькі некаторых.
Што класці ў пасылку, а што — нельга
Для пасылак дзейнічаюць тыя ж абмежаванні, што і на перадачы, але ёсць і дадатковыя. Напрыклад, у пасылку нельга класці прадукты, якія хутка псуюцца. Існуе пералік прадметаў, якія асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсці ў Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў. Сярод дазволенага:
зефір, цукеркі, мармелад, пасціла, халва, шакалад; бульба хуткага прыгатавання, макароны хуткага прыгатавання, суп хуткага прыгатавання, шматкі (грачаныя, аўсяныя); вяленае мяса, каўбаса (сыравяленая, сыравэнджаная), сыр; кава любая, чай ліставы; арэхі, курага, фінікі, цукаты; печыва, сухары; цёплыя шкарпэткі; канверты, аркушы паперы, паштоўкі, сшыткі; каляровыя алоўкі, фламастэры, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя).
У некаторых камерах халодна, таму варта падбаць, каб зняволенаму было цяплей. Таму для пасылак будуць актуальныя, напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі. Каб зрабіць зняволеным прыемна, можна дасылаць шкарпэткі з цікавымі і каляровымі малюнкамі.
З касметыкай у пасылках сітуацыя цяжэйшая. Але можна перадаць духмянае мыла, крэм для рук і гігіенічную памаду.
Бандэролькай можна адправіць пустыя канверты, прыгожыя паштоўкі і паперу, асадкі, налепкі, каб вязні змаглі павіншаваць са святамі сваіх родных і блізкіх людзей.
Так, у пасылкі, напрыклад, нельга класці чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі, зёлкі, памэла і грэйпфруты, пекінскую капусту, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды, акварэль, шматразовыя станкі для галення, бяспечныя нажніцы, шалік, вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі, запальнічку, пластыкавы посуд.
Якія існуюць абмежаванні для пасылак з-за мяжы?
Да 1 красавіка 2023 года норма адной пасылкі з-за мяжы складае 31 кілаграм, а кошт усяго што перасылаецца павінен быць не болей 1000 еўра. Мы раім рабіць невялікія пасылкі коштам да 30-40 еўра. На пошце вас папросяць запоўніць форму і пералічыць, што вы дасылаеце і колькі гэта каштуе. Майце на ўвазе, што пасылка можа ісці каля 5-6 тыдняў.
Як спакаваць пасылку?
З усяго, што вы набылі ў пасылку, трэба зняць фабрычную ўпакоўку, зрэзаць цэтлікі, а прадукты харчавання перакласці ў празрыстыя пакеты. Інструкцыю па прыгатаванні і назву прадукта можна выразаць і пакласці ў пакет. Па магчымасці напішыце пералік усяго ўкладзенага ў пасылку на аркушы паперы на рускай ці беларускай мове.
На пошце вы можаце выбраць каробку памеру, які вам падыходзіць, ці выкарыстоўваць сваю. Не забудзьце напісаць усе дадзеныя палітвязня, уключаючы імя па бацьку і адрас утрымання.
Звычайна, пасылку можна адсочваць па штрых-коду, які выдаюць на пошце. Так вы даведаецеся, што яна не згубілася і патрапіла да вязня.