Добры дзень, шаноўны Леанід!
Мне стала ўсё цяжэй падбіраць словы, каб дасылаць іх у турмы... Магчыма, таму я амаль перастала пісаць, хаця раней рабіла гэта досыць рэгулярна. Дасылала некалі паштоўку і вам, думаю, яна не дайшла, бо, каб прабіцца праз краты і цэнзуру, адной паштоўкі мала. Але, спадзяюся, неяк вы прачытаеце прынамсі гэты мой ліст.
Вялікая несправядлівасць, што людзі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, самі аказваюцца ў турме за падтрымку іншых. Ведаю, як моцна вы любіце сваю працу і як шчыра імкнецеся дапамагаць.
У вашых інтэрв’ю гучыць зацятасць і адданасць сваёй справе, такой неабходнай і важнай у цяперашняй Беларусі, такой неабходнай Гомельшчыне, адкуль я таксама родам.
Гледзячы на Беларусь здалёк, сочачы, як дзяржава цяпер знішчае незалежныя праекты, якія ствараліся дзесяцігоддзямі: культурныя, мастацкія, навуковыя, экалагічныя, сацыяльныя, праваабарончыя, як садзіць за краты тых, што імі гарэлі і жылі, я разумею, што галоўнае багацце Беларусі не ў яе прыродных рэсурсах і прыгожых абшарах, не ў яе інфармацыйных тэхналогіях і дакладна не ў “моцнай” уладзе. Галоўнае багацце Беларусі – гэта людзі, якія любяць сваю справу, якія вераць у правільнасць свайго шляху, якія нягледзячы на пагрозу страціць свабоду, здароўе ці нават жыццё працягваюць служыць сваёй місіі.
Калі Беларусь і мае шанец зрабіцца свабоднай дэмакратычнай краінай, то гэта дзякуючы такім людзям, як вы, дзякуючы праваабаронцам “Вясны”, дзякуючы тым, хто, не паддаючыся страху і цынізму, не пабаяўся выказаць нязгоду з хлуснёй і гвалтам.
Я ўдзячная за вашу працу і веру ў новую Беларусь! Я зычу вам здароўя, вытрымкі і, вядома, свабоды! Беражыце сябе, а цёмныя часы, я хачу верыць, скончацца.
З самымі цёплымі думкамі,
Юля Цімафеева, паэтка і перакладчыца.
Падтрымайце вясноўца лістамі салідарнасці: ПК № 3. г.п. Віцьба, 211322, Віцебская вобласць, Леаніду Леанідавічу Судаленка.