Жонцы Мікалая Статкевіча з глыбоцкай калоніі №13 увогуле не адказалі нічога. Няма адказу і з Дэпартаменту выканання пакаранняў. Практычна столькі ж – амаль паўтара месяцы – сям“я не атрымлівае лістоў ад Максіма Знака . Апошні допіс ад яго прыйшоў 9 лютага. 20 лютага родныя атрымалі апошні ліст ад палітзняволенага журналіста Ігара Лосіка. які адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК-1.
10 сакавіка да яго не пусцілі адваката, а 15 сакавіка, як стала вядома праваабаронцам, Лосік дэманстратыўна парэзаў сабе лязом руку і шыю. Гэта было зроблена на знак нязгоды з тым, што яму прыгразілі змяшчэннем у ШЫЗА -- нібыта ён адмовіўся "займацца прыборкай памяшкання". Пра здароўе сына і ягоны псіхалагічны стан спрабавалі даведацца бацькі, паехаўшы ў наваполацкую калонію. Але ім сказалі толькі тое, што с Ігарам «усё ў парадку», але за парушэнне рэжыму ён пазбаўлены доўгатэрміновага спаткання, якое планавалася ў канцы сакавіка. 3 красавіка адваката да Ігара Лосіка не пусцілі зноў.
У падобных сітуацыях, калі ад палітвязняў доўгі час няма лістоў, праваабаронцы раяць не хаваць праблему, а патрабаваць адказу ад адміністрацыі па месцы зняволення. Яшчэ адзін адрас, куды можна звярнуцца – гэта Дэпартамент выканання пакаранняў. Разлічваць на хуткі і вычарпальны адказ не даводзіцца, таму ў лістах варта задаваць канкрэтныя пытанні – пра здароўе, настрой, працоўны графік, наяўнасць спагнанняў і г.д.
Станіслаў Іваноўскі