Паводле следства, уначы з 16 на 17 лістапада 2020-га году хлопец напісаў каментар пад фотаздымкам Дзмітрыя Балабы, і змест каментара быў расцэнены як абражальны, звязаны з негатыўнай ацэнкай Балабы ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.
Крымінальную справу супраць жыхара Наваполацку распачалі праз год пасля з’яўлення каментара. Толькі 16 лістапада 2021-га году былі праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, падчас якіх вывучаўся акаўнт і профіль, з якога быў напісаны каментар. 16 сакавіка 2022-га году следчыя прыйшлі да высноваў, што акаўнт належыць Даніілу Раманаву. Высветлілася, што ён з’яўляецца ўдзельнікам і некалькіх Telegram-супольнасцяў, у тым ліку прызнаных «экстрэмісцкімі». Таксама суд улічыў, што раней Данііл Раманаў быў асуджаны паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таму суддзя Наваполацкага гарадскога суду Віталь Лапко вырашыў, што пакаранне павінна быць звязана з кантролем ва ўмовах папраўчай установы. Данііл Раманаў адбывае пакаранне ў менскай ПУАТ-55.
У супольнай заяве праваабаронцы падкрэсліваюць, што лічаць пераслед і пазбаўленне волі Данііла Раманава ў ліку іншых палітзняволеных палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.
Міхась Хмара